Артыкулы: Бражыц Іасафат
Бражыц Іасафат (1635—12.2.1683), дзеяч грэка-каталіцкай царквы. У маладосці ўступіў у Быценскім манастыры ў базыльянскі ордэн. Вучыўся ў Менскім езуіцкім калегіуме, у 1661—63 у папскім алюмнаце ў Брунсбергу. Жыў у манастырах у Жыровічах, Быцені, Замосці, Новагародку, быў ігуменам Холмскага, Менскага, Полацкага (з 1671) і Віцебскага базыльянскіх манастыроў. Пашыраў культ Багародзіцы, Іасафата Кунцэвіча. Арганізаваў у Полацку брацтва пакрова Багародзіцы. Як полацкі ігумен і афіцыял полацкага архіепіскапа ўдзельнічаў у Люблінскім калоквіуме 1680. Меў вядомы абраз Маці Божай, які, як лічыў, выратаваў яго падчас мору 1666 у Менску. Перад смерцю перадаў абраз свайму крэўнаму Мікалаю Песляку, які заснаваў Барунскі Петрапаўлаўскі манастыр. Абраз у гэтым манастыры стаў адным з самых шанаваных у краі (гл. Барунскі абраз Маці Божай). Б. быў выдатным прапаведнікам, апекуном убогіх і нямоглых, лічыўся вернікамі цудатворцам. Памёр у Віцебску, шанаваны як святы, але кананізаваны не быў.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


