Артыкулы: Бранеўскі Марцін

Бранеўскі Марцін (1564 або 1565—1624), палітычны і рэлігійны дзеяч Рэчы Паспалітай. Сын падкаморыя пазнанскага Пракопа Бранеўскага, які з каталіцтва перайшоў да чэскіх братоў (антытрынітарыяў). Да чэшскіх братоў належаў і Б. Вучыўся ў Вітэнбергу, Гейдэльбергу. У 1595 удзельнічаў у пратэстанцкім сінодзе ў Торуні, дзе выступаў за аб’яднанне ўсіх пратэстантаў Рэчы Паспалітай. Пасол на соймы 1597 (?), 1598, 1603, 1605 і 1606. З 1596 па даручэнні кн. К.К.Астрожскага працаваў над пагадненнем паміж праваслаўнымі і пратэстантамі, каб разам супрацьстаяць наступу каталізызму і уніі. Выконваў даручэнні галавы пратэстантаў ВКЛ К.Радзівіла Перуна, а потым яго сыноў — Януша і Крыштофа. Адзін з арганізатараў супольнага сабора праваслаўных і пратэстантаў у Вільні ў 1599 (гл. Віленскі з’езд 1599). Усталяваў кантакты з Кірылам Лукарысам, пасланнікам александрыйскага патрыярха Мялеція Пігаса ў Рэчы Паспалітай. У 1606 удзельнічаў у Зэбжыдоўскага рокашы 1606—09. Аўтар «Пунктаў рокашавых», якія сам прачытаў 24.8.1606 на Сандамірскім з’ездзе. Устаноўлена, што Б. — аўтар палемічных твораў на польскай мове, выдадзеных па заказу Астрожскага: «Эктэсіс, або Кароткі збор спраў, якія рабіліся на партыкулярным, гэта значыць, памесным сінодзе ў Берасці Літоўскім» («Ekthesis, abo Krótkie zebranie spraw, które się działy na partykularnym, to jest pomiastnym synodzie w Brześciu Litewskim» і «Апакрысіс, або Адказ на кнігі пра Берасцейскі сабор» («Apokrisis, aboOdpowiedź naksiążkiosynodziebrzeskim», абодва Кракаў, 1597). «Эктэсіс» выкладае ход праваслаўнага сабора ў час заключэння Берасцейскай уніі 1596. «Апакрысіс», апублікаваны ў адказ на кнігу П.Скаргі «Берасцейскі сабор», выйшаў пад псеўданімам Хрыстафор Філалет (ChrystophorPhilaleth, у перакладзе з грэчаскай мовы — Хрыстаносец Праўдалюб) без указання на месца і года выдання, пераклад на бел. мову выйшаў у Вільні ў 1597. Кнігі Б. адыгралі значную ролю ў рэлігійнай палеміцы праваслаўных з католікамі і ўніятамі канца 16—пач. 17 ст. Ад Астрожскага Б. атрымаў ад мястэчка Вольск і некалькі вёсак на Украіне, ад Радзівілаў — штогадовую плату ў памеры 2 тыс. злотых і ў трыманне мястэчка Сялец у Берасцейскім ваяв. Выконваў заданні брандэнбургскага курфюрста Іаахіма Фрыдрыха, ад якога атрымаліваў 500 злотых штогод.

Тв.: Ekthesis, abo Krótkie zebranie spraw, które się działy na partykularnym, to jest pomiastnym Synodzie w Brześciu Litewskim / Oprac. J.Byliński, J.Długosz. Wrocław, 1995.

Літ.: Яременко П.К. Український письменник-полеміст Христофор Філалет і його «Апокрисис». Львів, 1964; Byliński J. Marcin Broniewski — trybun szlachty wielkopolskiej w czasach Zygmunta III. Wrocław, 1994.

© Валерый Пазднякоў, 2005, 2017

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.