Артыкулы: Браніцкі Ян Клеменс
Браніцкі Ян Клеменс (21.9.1689, г. Тыкоцін або г. Беласток—9.10.1771), дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай. Быў апошнім у магнацкім родзе Браніцкіх гербу «Грыф», адным з самых багатых і ўплывовых маганатаў Рэчы Паспалітай. Сын падляшскага ваяводы Стафана Мікалая Браніцкага і Кацярыны з Сапегаў. 2-е імя Клеменс пачаў ужываць у сталым узросце замест хроснага імя Казімір. У 1723 атрымаў ганаровую пасаду падчашага ВКЛ, але не прыняў яе, харужы вял. каронны ў 1724—28, генерал артылерыі кароннай у 1728—35, гетман польны каронны ў 1735—52, гетман вял. каронны з 1752, адначасова кракаўскі ваявода ў 1746—62 і кашталян з 1762; стараста бранскі з 1709, бельскі з 1719, кросненскі з 1720, масціцкі з 1744, златарыйскі з 1750. У маладосці служыў у фрацузскім войску. Пасля вяртання ў 1709 далучыўся да групоўкі канцлера ВКЛ К.С.Радзівіла і ажаніўся з яго дачкой Кацярынай. Імкнуўся адыгрываць ахоўную ролю ў паліт. жыцці Рэчы Паспалітай, не дапушчаючы рэформ, і ў гэтым дзейнічаў разам з Радзівіламі. Падтрымліваў караля Аўгуста ІІ, у 1733 выступіў за абранне на трон Аўгуста ІІІ. Групоўка Чартарыйскіх, якая выпрацавала план рэформ Рэчы Паспалітай, імкнулася перацягнуць Б. на свой бок. Для гэтага ў 1748 яна арганізавала шлю Б. з Ізабелай Панятоўскай (сястра будучага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага). Аднак намаганні «Фаміліі» далучыць Б. да справы рэформ не далі плёну. Быў платным агентам французскага ўраду, але з пачаткам Семігадовай вайны 1756—63 пачаў прытрымлівацца прускай арыентацыі, зноў зблізіўся з рэфармісцкай групоўкай Чартарыйскіх. Пасля смерці Аўгуста ІІІ у 1763 меркаваў выставіць сваю кандыдатуру на трон Рэчы Паспалітай, што прывяло да разрыву з Чартарыйскімі. Б. быў пазбаўлены рэальнай улады над войскам і эмігрыраваў у Венгрыю, потым паразумеўся з імі і вярнуўся. Імкнучыся вярнуць паліт. уплыў, Б. прыняў удзел у арганізацыі Барскай канфедэрацыі, якую падтрымліваў фінансава. Пабудаваў раскошны палац у Беластоку («Падляшскі Версаль»). У 1745 заснаваў у Беластоку Вайсковую школу будаўніцтва і інжынерыі.
Літаратура:
Sztachelska-KokoczkaA. MagnackiedobraJanaKlemensaBranickiego. 2006.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


