Артыкулы: Брэтфус (Прэтфус; Brettfuss, Breitfuss, Prayetfuess) Гіоб

Брэтфус (Прэтфус; Brettfuss, Breitfuss, Prayetfuess) Гіоб (?—да 15.10.1571), архітэктар, ваенны інжынер. Паходзіў з Германіі, жыў у Францыі. З 1540 на службе ў вял. князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта Старога. Да 1547 як каралеўскі архітэктар займаўся будаўнічымі працамі ў Крэменецкім замку. У 1545 па загаду Жыгімонта ездзіў у Трокі для вывучэння стану мясцовага замка. У 1550—51 у Кракаве, адкуль пасланы ў Вільню для ўзмацнення фартыфікацыі горада і арганізацыі там вытворчасці гармат. Кіраваў працай Віленскай пушкарні, умацаваў Віленскі Ніжні замак, арганізаваў майстэрні па вырабе пораху і ваеннай амуніцыі. Забяспечваў людвісарню патрэбнымі інструментамі, сыравінай, прывозіў патрэбных майстроў-пушкароў з Кракава, заказваў у Венгрыі ядры патрэбных калібраў. Прызначаны віленскім будаўнічым (1551—57) і гараднічым (1554—71), дзяржаўцам алькеніцкім і ляйпунскім (1557—71). У 1564 пачаў будаўніцтва каралеўскага двара ў Кнышыне і грунтоўную пераробку замка ў Тыкоціне. Удзельнічаў у пабудове г. Аўгустаў. У 1566 будаваў летнюю вялікакняжацкую рэзідэнцыю ў Вяршупцэ пад Вільняй. Мяркуецца, што Б. удзельнічаў у пабудове замка Пятра Весялоўскага ў Беластоку. Дзяржаўца васількаўскі з 1568, стараста тыкоцінскі з 1569.

Літаратура:

Brensztejn M. Zarys dziejów ludwisarstwa na ziemiach b. Wielkiego Księstwa Litewskiego. Wilno, 1924. S. 23—24.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.