Артыкулы: бурса

бурса (ад лац. bursa), 1) інтэрнат у навучальных установах — калегіумах, манастырскіх і брацкіх школах, духоўных семінарыях, дзе жыла моладзь у час навучання. Вылучаліся жорсткай дысцыплінай, якая нагадвала манастырскую. Іезуіты крытычна ставіліся да Б., якія патрабавалі для свайго ўтрымання шмат персаналу і сродкаў і аддавалі перавагу таму, каб вучнёўская моладзь жыла і выхоўвалася ў адкрытых установах і дамах. Пагэтаму пры сваіх калегіумах адчынялі толькі невялікія Б. убогіх (бурсы музычныя). Акадэмічныя Б. існавалі пры Віленскай акадэміі, бо там вучылася шмат моладзі з усяго ВКЛ. У акадэміі Б. заснаваны віленскім біскупам Валерыянам Пратасевічам (1579, т.зв. Валерыянаўская Б.), канонікам Амброзіем Бейнартам (1602, т.зв. Амбразіянская Б. для немаёмных студэнтаў), ашмянскім земскім суддзёй Я.М.Корсакам (1618, прызначалася для 10 студэнтаў з роду Корсакаў і 10 студэнтаў з інш. шляхецкіх родаў), дэканам Жабінскім (1651, музычная Б.). Сродкі на ўтрыманне Б. браліся з даходаў ахвяраваных фундатармі вёсак, дамоў у гарадах, грашовых сум. Б. для шляхты называліся канвікты. 2) Назва пэўнага брацтва, сябрыны, кампаніі.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.