Артыкулы: бурса музычная

бурса музычная, інтэрнат у езуіцкіх калегіумах у 17—18 ст. Ставараліся для немаёмных студэнтаў, якія былі не ўстане аплочваць пражыванне за ўласныя сродкі. Своеасаблівай «платай» за жыццё ў бурсе быў занятак музыкай. Традыцыйна езуіты ставіліся крытычна да выкарыстання музыкі і спеваў у касцёлах. У пачатковы перыяд сваёй дзейнасці ў ВКЛ яны дапускалі толькі гранне на ўжо існуючых арганах. Аднак пад ціскам вернікаў езуіты пайшлі на больш шырокае ўвядзенне ў сваіх касцёлах музыкі, што было дазволена ўладамі ордэна ў Рыме з умовай, каб духоўнымі спевамі займалася толькі свецкая вучнёўская малодзь. Гэты абавязак быў ускладзены на Б.м., пры якіх таксама арганізоўваліся аркестры. Бурсакі спявалі ў касцёлах, ігралі падчас касцельных, школьных і грамадскіх урачыстасцей, тэатральных пастаноўках навучэнцаў калегіума. У некаторых выпадках выступленні бурсакоў дапускаліся ў інш. касцёлах і пры шляхецкіх дварах. Сярод бурсакоў былі і тыя, што скончыў курс навучання ў калегіме, але вучыў спевам і музыцы студэнтаў. На чале Б.м. стаяў рэгент (прэфект), якому дапамагаў старшы з бурсакоў. Тэрмін навучання ў бурсе быў звычайна 3 гады, пасля яшчэ 3 гады старэйшыя бурсакі перадавалі свае веды малодшым навучэнцам. Некаторыя з выхаванцаў заставаліся навучэнцамі ў Б.м. і атрымлівалі за сваю працу аплату. Чысло навучэнцаў у Б.м. звычайна не перавышала дзесятак. Б.м. пры Віленскай акадэміі заснавана ў 1651 дэканам Жабінскім, пры Ковенскім калегіуме — у 1650 П.Шукштам, пры Полацкім калегіуме існавала з 1597, пры Віцебскім — з 1673, пры Нясвіжскім — прыкладна з 1610, пры Берасцейскім — прыкладна з 1630, пры Пінскім — прыкладна з 1645. Вядома М.б. пры Жыровіцкім манастыры. Б.м. адыгралі вял. ролю ў фарміраванні музычнай культуры ВКЛ.

Літаратура:

Дадзіёмава В. Музыкальная культура городов Белоруссии в XVIII веке. Мн., 1992;

Яе ж. З гісторыі музычнай бурсы пры Віцебскім езуіцкім калегіуме // Віцебскі сшытак. 1995. № 1;

Ліхач Т. Музычныя бурсы езуітаў на Беларусі // Мастацтва. 1995. № 6.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.