Артыкулы: Бурундай

Бурундай, мангольскі военачальнік 13 ст. Быў адным з гал. цемнікаў хана Батыя. Удзельнічаў у захопе манголамі Волжскай Булгарыі (1236—37). У 1238 армія Б. разбіла войскі кн. Юрыя Усеваладавіча і захапіла Уладзіміра-Суздальскае княства. У 1240 пад камандаваннем Батыя ўдзельнічаў ва ўзяцці Кіева, у 1241 — у еўрапейскім паходзе манголаў. У сярэдзіне 13 ст. Б. быў пастаўлены на месца Курэмсы, якому былі падначалены орды, пагранічныя з Галіцка-Валынскім княствам (з Курэмсою паспяхова змагаўся кн. Даніла Раманавіч). У 1258 Б. узначаліў буйны мангола-татрскі паход на ВКЛ і яго саюзнікаў, да якога прымусіў далучыцца галіцка-валынскіх князёў (Данілу Раманавічу заявіў: «Иду на Литву, оже еси мирен — поиди со мною»). Асабіста Даніла не паехаў, а паслаў з Берасця свайго брата Васільку. Той злучыўся з манголамі, відаць, пад Новагародкам, пасля яны рушылі ва ўласна Літоўскую і Нальшчанскую землі. На зваротным шляху манголы разрабавалі зямлю яцвягаў і выйшлі да г. Дарагічын. У адказ літ. князі Войшалк і Таўцівіл адваявалі Новагародак і захапілі ў палон кн. Рамана Данілавіча. Цяжкія наступствы паходу Б. адзначае Наўгародскі 1-ы летапіс: «Взяша Татарове всю землю Литовьскую, а самех избиша». Аднак гал. вынікам паходу Б. стала тое, што ардынскай уладзе было падпарадкавана Галіцка-Валынскае княства. Каб замацаваць поспех, у 1259 Б. пайшоў на саму Галіцка-Валынскую зямлю. Даніла Раманавіч паслаў у яго стаўку брата Васільку, сына Льва і холмскага епіскапа Івана з падарункамі. Б. запатрабаваў ад іх, каб былі разбураны ўмацаванні гарадоў Галіцка-Валынскага княства. Шмат іх было разбурана, а ўмацаванні г. Уладзімір спалены. Аднак г. Холм адмовіўся падпарадкавацца Б. і вытрымаў яго аблогу, пасля чаго зімой 1259—60 Б. са сваім войскам і рус. атрадамі пайшоў у польскія землі, дзе схаваўся Даніла Раманавіч, ваяваў Люблін, Завіхост, Сандамір, Лесць.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.