Артыкулы: Бусаў (Bussow) Конрад

Бусаў (Bussow) Конрад (каля 1550, Ільтэн каля Гановера—1617), ваенны дзеяч, мемуарыст. Атрымаў добрую адукацыю і ваенны вопыт. З 1569 жыў у Інфлянтах, магчыма, знаходзіўся на службе ў караля польскага і вял. князя літоўскага Жыгімонта ІІІ. У час вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 перайшоў на шведскі бок. Быў прызначаны герцагам Карлам (будучы кароль Карл IX) рэвізорам інфлянцкіх замкаў, захопленых шведамі ў Рэчы Паспалітай, у 1601 — камендантам замкаў Марыенбург і Нойгаўзен. Вёў тайныя перагаворы з рас. ўладамі, абяцаючы перадаць ім гарады Марыенбург і Нарву. Пасля таго, як гэта не атрымалася, у 1601 перасяліўся ў Маскву. Служыў цару Барысу Гадунову, потым Ілжэдзмітрыю І, Васілю Шуйскаму. У 1606 перайшоў на бок І.Балотнікава і выехаў у Калугу. Падтрымаў Ілжэдзмітрыя ІІ. Пасля яго гібелі ў 1611 далучыўся да войска караля польскага і вял. князя літоўскага Жыгімонта ІІІ пад Смаленскам, потым дзейнічаў у Маскве. У канцы 1611 выехаў у Рыгу, потым жыў у Германіі. Памёр у г. Любек. У 1612—13 напісаў на нямецкай мове «Маскоўскую хроніку», якая першапачаткова ахоплівала падзеі ад смерці цара Івана ІV у 1584 да 1611. Пасля тэкст быў дапоўнены аўтарам звесткамі да заключэння Стаўбоўскага міра 1617. Хроніка — важная крыніца па гісторыі Смуты, вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. Б. паведамляе шмат важных фактаў пра Лжэдзмітрыя І і Лжэдзмітрыя ІІ, які, паводле, звестак Б., першапачаткова быў служкай у папа і школьным настаўнікам у Шклове і Магілёве. З-за адсутнасці сродкаў і недобразычлівых адносін да яго Б. не змог апублікаваць свой твор. Шмат звестак з яго апублікаў пад сваім імем швед П.Петрэй дэ Эрлезунда. У перакладзе на рус. мову ўпершыню выдадзена М.Г.Устралавым у 1831 («Сказания современников о Димитрие Самозванце», ч. 1).

Творы:

Московская хроника, 1584—1613. М.; Л., 1961.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.