Артыкулы: Бяляк Юзаф

Бяляк Юзаф (1729, в. Лоўчыцы Новагародскага пав.—паміж 11 і 24.6.1794), ваенны дзеяч ВКЛ. З бел. татарскай сям’і. З маладосці служыў у войску. З 1742 таварыш у татарскім палку Чымбая Мурзы Рудніцкага. У Сямігадовую вайну 1756—63 ваяваў у Сілезіі, Саксоніі і Чэхіі на баку Аўгуста ІІІ як саксонскага курфюрста. Ад аўстрыйскай імператрыцы Марыі Тэрэзіі атрымаў ордэн, а ад Аўгуста ІІІ — в. Кашолы каля Белай. З 1764 шэф і камендант 4-га палка пярэдняй стражы ВКЛ. У час бескаралеўя 1764 ваяваў пад камандай гетмана Я.К.Браніцкга на баку саксонскага двара. У 1768 удзельнічаў у барацьбе караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага супраць Барскай канфедэрацыі, але ў 1769 са сваім палком, што стаяў у Ламазах, далучыўся да канфедэрацкага войска Пуласкіх. Удзельнічаў у бітвах на Беларусі каля Кукалак, Слоніма, Якімовічаў, Моўчадзі, пасля ў Жамойці. У канцы 1769 пасля расколу канфедэратаў вярнуўся на бок караля. У 1771 разам з гетманам М.К.Агінскім зноў далучыўся да Барскай канфедэрацыі, удзельнічаў у бітве каля Бездзежа. Пасля паражэння ў Сталавіцкай бітве 1771 зноў на баку караля. У 1788—89 удзельнічаў у падаўленні сял. паўстання на Украіне. У 1790 атрымаў чын камандуючага ген.-маёра 1-й дывізіі войска ВКЛ. У вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 камандаваў пярэднім корпусам з 3 татарскіх палкоў і атрада нац. кавалерыі, што ахоўваў граніцу. Вызначыўся ў баях пад Свержанем, Мірам, Зэльвай, Берасцем, атрымаў ордэн «Віртуці мілітары». Паўстанне 1794 сустрэў насцярожана, у крас. далучыўся да яго са сваім палком, што стаяў у Янаве. Праз Жамойць рушыў у раён Гародні да корпуса Ф.Сапегі, 8 чэрв. прыняў камандаванне гэтым корпусам і павёў яго пад Слонім, пасля да Іўя. Памёр ад хваробы, пахаваны ў Студзянцы.

Літаратура:

KryczyńskiS. Generał JózefBielak (1741—1794) // RocznikTatarski. Wilno, 1932. T. 1.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.