Артыкулы: Бянклеўскі Ануфрый Гневамір

Бянклеўскі Ануфрый Гневамір (?—пасля 1790), палітычны дзеяч. З шляхецкага роду герба «Наленч», які з Добжынскай зямлі перанёсся ў Берасцейскі і Пінскі паветы. Бянклеўскія не падтрымалі абранне на трон у 1768 Станіслава Аўгуста Панятоўскага і далучыліся да варожай яму Барскай канфедэрацыі. Б. быў старастам ляхавіцкім. 24.9.1768 у лесе пад Пружанамі сканфедэраваная шляхта Берасцейскага пав. абрала Б. сваім маршалкам. Атрад Б. пацярпеў паражэнні ад рас. войск у баях пад Зэльвай і Дзярэчынам і адышоў у Нясвіж, які пазней быў абложаны рас. войскамі. Б. разам з іншымі маршалкамі Барскай канфедэрацыі быў вымушаны падпісаць адмову ад удзелу ў канфедэрацыі, пасля чаго яму было дазволена з’ехаць у Прусію. У 1769 выехаў да канфедэратаў у Славакію, пасля рушыў у ВКЛ зноў уздымаць шляхту на барацьбу з Панятоўскім і рас. войскамі. Па дарозе ў Польшчы на чале невялікага атрада даў некалькі баёў, дайшоў да Беластока. Пасварыўся з кіраўніцтвам Барскай канфедэрацыі — Генеральнасцю, якая нават прыгаварыла Б. да смяротнага пакарання. У 1770 атрад Б. зноў імкнуўся прарвацца ў ВКЛ, да вясны 1771 дзейнічаў на Падляшшы. На пераломе 1771—72 у скадзе атрада канфедэратаў увайшоў у ВКЛ, у баі пад Дарашэвічамі над Прыпяццю 2.2.1772 трапіў у рас. палон. У 1773 жыў у няволі ў Сібіры, пасля быў вызвалены. Паводле звестак Е.Кітовіча, Б. хутка памёр у нястачы, але У.Канапчынскі даводзіў, што Б. гаспадарыў у сваім маёнтку прынамсі да 1790.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.