Артыкулы: вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім 1406—1408

вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім 1406—1408. Была выклікана бояззю Масквы далейшага ўзмацнення ВКЛ пасля канчатковага падпарадкавання вял. князем Вітаўтам у 1404 Смаленскага княства. У лют. 1406 Вітаўт напаў на Пскоў, што выклікала ў маі беспаспяховы паход вял. князя маскоўскага Васіля І на Вязьму і Сярпейск. У адказ Вітаўт зрабіў рэйд углыб маскоўскай тэрыторыі, ваяваў у ваколіцах Мажайска, захапіў Варатынск і Казельск, дзе пасадзіў намеснікаў. На яго баку ваявалі жамойты на чале з крыжацкім галавой Жамойці, атрады комтура Рагнеты і палякаў (жамойты, немцы і палякі былі ў войску Вітаўта і ў наступныя гады). У гэты час пскоўскія ўладанні ваявалі саюзнікі Вітаўта — лівонскія рыцары. У вер. 1406 маскоўскае войска з дапамогай татараў і вял. князя цвярскога Івана Міхайлавіча рушыла да межаў ВКЛ і выйшла да войска Вітаўта на р. Ака каля р. Плава. Не пачынаючы бітвы, бакі заключылі перамір’е да 15.5.1407. Ужо 20.5.1407 Вітаўт спаліў Адоеў, ваяваў на тэр. Навасільскага княства, у маскоўскіх землях. Васіль І у жн. 1407 рушыў з войскам на ўладанні Вітаўта, спаліў г. Дзмітравец і падышоў пад Вязьму, дзе зноў без бою заключана перамір’е да 29.6.1408. У ліп. 1408 у Маскву збег кн. Свідрыгайла з вял. групай менш значных князёў і баяраў. Увосень 1408 праціўнікі сышліся ў вусці р. Угра і пасля некалькіх дзён стаяння «взяша мир вечный». У летапісах адзначана, што мір быў заключаны «по давному», г.зн. захавалася старая мяжа паміж Маскоўскім вял. княствам і смаленскімі ўладаннямі ВКЛ, у т.л. па р. Угра, аднак у час вайны Вітаўт здолеў замацавацца на землях Верхняй Акі, падпарадкаваць сабе Мцэнск, Любуцк, Карачаў, Бялёў і інш.

Літаратура:

Полное собрание русских летописей. М., 1965. Т. 11. С. 207; СПб., 1863. Т. 15. С. 482; М.; Л., 1949. Т. 25. С. 234—236;

Клюг Э. Княжество Тверское (1247—1485 гг.): Пер. с нем. Тверь, 1994. С. 261—266;

Pletnia R. Działalność wielkiego księcia Witolda na północno-wschodnich obrzeżach państwa litewskiego w latach 1404—1408 // Zeszyty naukowe Uniwersytetu Jagiellońskiego. Prace historyczne. Kraków, 1998. Z. 125.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.