Артыкулы: Варшаўская канфедэрацыя 1573
Варшаўскаяканфедэрацыя 1573, канвакацыйны сойм Рэчы Паспалітай, які працаваў у Варшаве 6—28.1.1573. Скліканы пасля смерці караля польскага і вял. князя літоўскага Жыгімонта ІІ Аўгуста для падрыхтоўкі абрання новага манарха Рэчы Паспалітай. Абвясціў сябе канфедэрацыяй шляхты. Скліканы ва ўмовах значнага пашырэння ў Рэчы Паспалітай рэфармацыйных плыняў, сойм пад націскам пратэстантаў разгледзеў пытанне пра захаванне рэліг. міру ў краіне, калі асн. прэтэндэнтам на карону выступаў католік Генрык Валезы, вядомы ўдзелам у расправе над пратэстантамі ў Францыі. На сойме была створана камісія з 15 чал. на чале з куяўскім біскупам С.Карнкоўскім, якая падрыхтавала праект пастановы пра ўмовы элекцыі. 28.1.1573 В.к. прыняла адпаведны акт і перадала яго на разгляд павятовых соймікаў. Акт В.к. абвяшчаў пра захаванне ўнутр. міру і адзінства Рэчы Паспалітай, супольнае абранне манарха шляхтай, патрабаваў ад будучага караля прысягі на тое, што ён будзе падтрымліваць мір паміж падданымі розных хрысціянскіх веравучэнняў. Шляхта таксама абавязвалася захоўваць рэліг. мір, «у сувязі з рознасцю веры і адрознення ў цэрквах крыві не праліваць і не караць». Абвяшчалася рэліг. вяршэнства паноў над сваімі падданымі. Адначасова акт В.к. забяспечваў права на заняцце касцельных пасад арцыбіскупаў, біскупаў і інш. за духоўнымі асобамі каталіцкага веравызнання. Былі вызначаны і некат. нормы дзярж. кіравання ў час міжкаралеўя. Большасць павятовых соймікаў, скліканых на 2.3.1573, падтрымала акт В.к. На элекцыйным сойме ў крас.—маі 1573 у Варшаве акт В.к. быў яшчэ раз ухвалены і перапісаны на пергаменце (пад старой датай). Па патрабаванні праваслаўных у яго тэкст унесена дапаўненне, што маёмасць правасл. царквы (а значыць, і пасады мітрапаліта, епіскапаў, ігуменаў і інш.) павінна давацца ў кіраванне правасл. асобам. У склад Генрыкавых артыкулаў быў уключаны пункт пра зацвярджэнне Генрыкам Валезам акта В.к. Аднак пры каранацыі Генрык адмовіўся падпісаць акт. У 1576 яго зацвердзіў новы кароль Стафан Баторый. Ад імя ВКЛ 1-ы акт В.к. падпісалі падканцлер і кашталян троцкі А.Валовіч, кашталян віцебскі П.Пац, 2-і акт — канцлер М.Радзівіл Руды, маршалак вялікі і стараста жамойцкі Я.Г.Хадкевіч і інш. У перакладзе на бел. мову акт В.к. быў цалкам уключаны ў Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 (раздз. 3, арт. 3). Яго палажэнні заклалі юрыд. асновы палітыкі рэліг. талерантнасці ў ВКЛ. Аднак лаканічнасць дакумента, асаблівасці яго прыняцця, няпэўнасць у дзейнасці яго палажэнняў у адносінах да нешляхецкіх саслоўяў спараджалі спробы ваяўнічых колаў разглядаць акт як дакумент абмежаванага дзеяння.
Літаратура:
Ptaszycki S. Konfederacja Warszawska r. 1573 w trzecim Statucie Litewskim // Księga pamiątkowa ku uczczeniu czterechsetnej rocznicy wydania Pierwszego Statutu Litewskiego. Wilno, 1935;
Korolko M. Klejnot swobodnego sumienia. Warszawa, 1974;
Korolko M., Tazbir J. Konfederacja Warszawska 1573 r. Warszawa, 1980.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


