Артыкулы: Варшэвіцкі Крыштоф

Варшэвіцкі Крыштоф (1543, Варшэвіцы, Мазовія—10 або 11.9.1603), палітычны дзеяч, пісьменнік. З заможнага шляхецкага роду. Брат С.Варшэвіцкага. У дзяцінстве быў пажам пры двары чэшскага караля Фердынанда. Вучыўся ў Лейпцыгу, Вітэнбергу, Балонні. У 1561—72 сакратар пазнанскага біскупа А.Канарскага. У час бескаралеўя 1572—74 падтрымаў кандыдатуру Генрыка Валезы, быў паслом на каранацыйны сойм 1574. У час бескаралеўя 1574—76 падтрымліваў кандыдатуру імператара Максіміляна. Пасля абрання на трон Рэчы Паспалітай Стафана Баторыя выехаў да Максіміляна ў Аўстрыю, але ў 1577 вярнуўся і пагадзіўся з Баторым. Суправаджаў яго ў час Інфлянцкай вайны 1558—82, інфармаваў лістамі пра ваенныя падзеі каралеву Ганну Ягелонку. Удзельнічаў у мірных перагаворах з царом Іванам IV Грозным. У 1582 быў паслом у Швецыю. Пасля смерці Баторыя выступаў за абранне на трон Рэчы Паспалітай эрцгерцага Максіміляна. Пасля яго паражэння збег у Прагу, потым у Швецыю, у 1594 вярнуўся. З 1598 канонік кракаўскі. У 1600—02 жыў у Італіі. Напісаў шмат маральных, палітычных, акалічнасных твораў, некаторыя з якіх выдадзены ў ВКЛ: маральна-палітычная праца «Парадоксы да Стафана І, караля польскага» («ParadoxaadStephanumI, RegemPoloniae», Вільня, 1579), «Прамова да Стафана І, караля польскага» («AdStephanumRegemPoloniaeoratio», Вільня, 1582). Найбольш вядомы твор В. — «Пра пайлепшы стан вольнасці» («De optimo statu libertatis», Кракаў, 1598). В. выказваўся за моцную каралеўскую ўладу ў Рэчы Паспалітай, якая дзейнічала б у інтарэсах усяго грамадства; адмаўляў прынцып выбарнасці караля. Заклікаў да паляпшэння становішча сялян і мяшчан, ад якіх залежыць дабрабыт дзяржавы.

Літаратура:

Коялович М. Дневник последнего похода Стефана Батория на Россию. СПб., 1867;

Вержбовский Т. Криштоф Варшевицкий и его сочинения: Историко-литературное изследование. Варшава, 1885;

Поссевино А. Исторические сочинения о России XVIв. М., 1983;

Tazbir J. Szlachta i teologowie.Warszawa, 1987.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.