Артыкулы: Васіль І Дзмітрыевіч

Васіль І Дзмітрыевіч (Василий I Дмитриевич; 30.12.1371 або 1.1.1372—27.2.1425), вялікі князь маскоўскі з 1389. Сын вял. князя маскоўскага Дзмітрыя Іванавіча Данскога. У 1383 пасланы бацькам у Арду, каб аспрэчваць тытул вял. князя ў Міхаіла Аляксандравіча Цвярскога. Быў там затрыманы як заложнік, праз 2 гады збег у Валахію і праз ВКЛ у 1387 вярнуўся ў Маскву. Зрабіўшыся вял. князем, В. І Дз. праводзіў палітыку тэрытарыяльных захопаў, карыстаючыся татарскай дапамогай. За час яго княжання да Маскоўскай дзяржавы былі далучаны Ніжні Ноўгарад, Таруса, Мурам і інш. У 1389 сасватаў ў вял. князя літоўскага Вітаўта, які ў гэты час быў у выгнанні ў Прусіі, дачку Соф’ю Вітаўтаўну. Шлюб адбыўся ў 1390 у Маскве. У 1393 і 1396 сустракаўся са сваім цесцем у Смаленску (таксама 2-і раз у 1396 — у Каломне), Соф’я сустракалася з бацькам у Смаленску ў 1398 і 1422. Імкнуўся падтрымліваць мір з Вітаўтам. Калі ў 1404 да яго прыехаў смаленскі кн. Юрый Святаславіч з прсьбай абараніць яго ад Вітаўта і прапанаваў за гэта перадаць яму Смаленскае княства, В. І Дз. адмовіў яму. Аднак, апасаючыся далейшага ўмацавання ВКЛ, пайшоў на канфрантацыю з Вітаўтам, пачалася вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1406—08. У 1408 прыняў на службу збеглага з ВКЛ кн. Свтдрыгайлу і даў яму ў трыманне Уладзімір, Пераяслаў, Валакаламск. У 1424 аказаў дапамогу Вітаўту ў барацьбе супраць татарскага хана Кудаідата, які, рухаючыся па р. Ака, напаў на г. Адоеў (аднак гэта дапамога не спатрэбілася). У 1394 выдаў сваю сястру Марыю замуж за мсціслаўскага кн. Лугвеня, а ў 1417 — дачку Настассю за кіеўскага кн. Алельку Уладзіміравіча. Пасля смерці В. І Дз. маскоўскі трон перайшоў да яго сына Васіля ІІ Васілевіча.

Літаратура:

Барбашев А. Витовт и его политика до Грюнвальдской битвы 1410 г. СПб., 1885;

Яго ж. Витовт, последние двадцать лет княжения, 1410—1430. СПб., 1891;

Лурье Я.С. Две истории Руси XV века: Ранние и поздние, независимые и официальные летописи об образовании Московского государства. СПб., 1994;

Хорошкевич А.Л. Документы начала XV в. о русско-литовских отношениях // Культурные связи России и Польши XI—XX вв. М., 1998;

Горский А.А. Москва и Орда. М., 2000.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.