Артыкулы: Васіль ІІ Васілевіч Цёмны
Васіль ІІ Васілевіч Цёмны [Василий II Васильевич Тёмный; 10 (або 15 ці 21).3.1415—27.3.1462], вялікі князь маскоўскі ў 1425—33, 1433—34, 1434—46, 1446—62. Сын вял. князя маскоўскага Васіля ІІ Дзмітрыевіча і Соф’і Вітаўтаўны. У час праўлення вёў доўгія войны са сваімі дзядзькамі і стрыечнымі братамі, якія прэтэндавалі на маскоўскі трон. У ходзе гэтай барацьбы некаторыя князі і баяры былі вымушаны ратавацца ўцёкамі ў ВКЛ (напр., князь Васіль Яраславіч Бароўскі, родапачынальнік князёў Яраславічаў). У 1430 В. ІІ В. прысутнічаў на з’ездзе манархаў у Вільні, дзе меркавалася каранацыя Вітаўта каралеўскай каронай (так і не адбылася). Хутка Вітаўт памёр, і ў ВКЛ пачалася феадальная вайна 1432—39. В. ІІ В. у яе не ўмешваўся. У 1433 у выніку ўзброенай барацьбы ён быў вымушаны на кароткі час саступіць трон свайму дзядзьку Юрыю Дзмітрыевічу, у 1434 зноў пацярпеў ад яго паражэнне (хутка Юрый памёр у Маскве). У 1446 В. ІІ В. на некаторы час страціў трон у выніку нападу войскаў свайго стрыечнага брата Дзмітрыя Шамякі, быў аслеплены, але здолеў аднавіць сваі пазіцыі. Заключыў з вял. князем літоўскім Казіміра ІVдагавор 1449, які фактычна спыніў рост літоўскага уплыву на рускія землі. У 1437 В. ІІ В. прызнаў мітрапаліта Ісідора, адправіў яго на царкоўны сабор у Італію, але не прыняў заключаную там у 1439 Фларэнтыйскую унію. Ісідор быў вымушаны збегчы з Масквы ў ВКЛ. У 1448, прызначыўшы мітрапаліта без згоды патрыярха, В. ІІ В. заснаваў аўтакефальную Рускую праваслаўную царкву, асобную ад праваслаўнай царквы ў ВКЛ.
Літаратура:
Барбашев А. Витовт, последние двадцать лет княжения, 1410—1430. СПб., 1891;
Зимин А.А. Витязь на распутье. М., 1991;
Лурье Я.С. Две истории Руси XV века: Ранние и поздние, независимые и официальные летописи об образовании Московского государства. СПб., 1994;
Горский А.А. Москва и Орда. М., 2000;
Базилевич К.В. Внешняя политика Русского централизованного государства: Вторая половина XV века. [2 изд.] М., 2001.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


