Артыкулы: Васіль Іванавіч Шуйскі

Васіль Іванавіч Шуйскі (Василий Иванович Шуйский; 1547 або 1552—5 або 12.9.1612), цар і вялікі князь усяе Русі ў 1606—10. З княжацкага роду суздальска-ніжагародскіх Рурыкавічаў. У 1583 атрымаў ад цара Фёдара Іванавіча тытул баярына. У 1584 узначальваў Судовы прыказ, у 1585 ваявода ў Смаленску, у 1590 — у Ноўгарадзе. Кіраваў следчай камісіяй, якая разглядала абставіны смерці царэвіча Дзмітрыя і прыйшла да высновы, што царэвіч сам сябе закалоў. Гэта версія адпавядала інтарэсам Барыса Гадунова, у час царавання якога (1598—1605) В.І. умацаваў сваё становішча, удзельнічаў у ваенных дзеяннях супраць Ілжэдзмітрыя І. У 1605 быў вымушаны прызнаць Ілжэдзмітрыя як цара, супраць якога ў 1606 арганізаваў паспяховае паўстанне ў Маскве. 19(29).5.1606 В.І. быў абраны царом. Павёў паспяховую барацьбу з паўстанцкім рухам, што дзейнічаў ад імя Лжэдзмітрыя, разбіў войскі І.І.Балотнікава, а яго самога захапіў у палон. Не змог дамагчыся рашучай перамогі над Ілжэдзмітрыем ІІ, які стварыў сваю рэзідэнцыю ў с. Тушына пад Масквой. 25.7(4.8.).1608 В.І. заключыў з каралём польскім і вял. князем літоўскім Жыгімонтам ІІІ перамір’е на 3 гады і 11 месяцаў, паводле ўмоў якога адпусціў на волю палякаў і ліцвінаў, што былі зняволены ў ходзе барацьбы супраць Ілжэдзмітрыя І. У 1609 В.І. падпісаў дагавор са шведскім каралём Карлам ІХ, якому перадаў г. Карэлу і абяцаў дапамагчы заваяваць Інфлянты. У адказ Жыгімонт ІІІ аб’явіў вайну В.І. і аблажыў Смаленск. Войска Рэчы Паспалітай на чале са С.Жалкеўскім атрымала перамогу над рас. войскам у бітве каля с. Клушына, заняло Мажайск і рушыла на Маскву. 17(27).7.1610 у выніку дварцовага перавароту В.І. быў скінуты з трона. Ён быў пастрыжаны ў манахі (з імем Варлаам). Войскі Жалкеўскага занялі Маскву, а калі яны яе пакідалі ў канцы 1610, то Жалкеўскі забраў В.І. з 2 яго братамі як палонных. В.І. быў дастаўлены пад Смаленск да Жыгімонта ІІІ (адмовіўся яму пакланіцца), потым адпраўлены ў Гародню, у 1611 — у Варшаву, дзе быў прадстаўлены сойму, а пасля зняволены ў Гастынінскі замак, дзе памёр і быў пахаваны. У 1620 яго астанкі былі перапахаваны ў Варшаве ў спецыяльна пабудаванай капліцы. Маскоўскі ўрад разглядаў гэтае пахаванне як абразу і дамогся таго, што ў 1635 прах В.І. быў вывезены і перапахаваны ў Архангельскім саборы Маскоўскага Крамля.

Літаратура:

Абрамович Г.В. Князья Шуйские и российский трон. Л., 1991;

Либрович С. Царь в плену. М., 1991;

Скрынников Р. Василий Шуйский. М., 2002;

Флоря Б.Н. Польско-литовская интервенция в России и русское общество. М., 2005;

Козляков В. Василий Шуйский. М., 2007.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.