Артыкулы: Васільеў (Васильев) Феадосій
Васільеў (Васильев) Феадосій [1656 або 1661—23.7(3.8).1711], адзін з лідэраў расійскіх стараабраднікаў, заснавальнік беспапоўскай згоды федасееўцаў. З роду наўгародскіх дваран Усавых (беспадстаўна іх называюць баярскім родам Урусавых), сын святара. Быў дзячком, пасля прыняў стараабрадніцтва і перахрысціўся з імем Дыянісій (1686 або 1690). Пачаў выступаць як актыўны прапаведнік стараабрадніцтва ў Наўгародскім і Пскоўскім уездах, Маскве. У самым канцы 17 ст. з-за праследавання наўгародскага мітрапаліта Іова В. з маці, сынам і прыхільнікамі збег у ВКЛ. Тут, у Невельскім пав., на землях пана Куніцкага, у Крапівінскай вол., каля в. Русанава, В. заснаваў стараабрадніцкую абшчыну — агульнажыцельства. Яно складалася з мужчынскай і жаночай абіцеляў (600 і 700 чал. адпаведна). Абшчына была заснавана на прынцыпах бясшлюбнасці, агульнасці маёмасці, абавязковай працы, жорсткай дысцыпліны. В. прапаведваў у мясц. стараабрадніцкіх абшчынах, у памежных рас. землях. У 1708 абшчына пацярпела ад рабаўніцтва жаўнераў Рэчы Паспалітай падчас Паўн. Вайны 1700—21, і А.Д.Меншыкаў выдаў В. дазвол пасяліцца ў яго ўладаннях у Вялікалуцкім уездзе, а ў 1710 перадаў ім Рапіну мызу каля Юр’ева (Тарту). У 1711 В. адправіўся ў Ноўгарад афармляць справы пераезду, быў там схоплены ў памёр у зняволенні ў архіепіскапскай цямніцы. Аўтар пасланняў, накіраваных да прыхільнікаў выгоўскай згоды стараабраднікаў, твора пра Анціхрыста (даказваў, што Анціхрыст ужо царуе ў свеце, аз 1666 пад яго ўладай знаходзіцца Расія).
Літаратура:
Житие Феодосия Васильева, основателя феодосиевского согласия, написанное сыном его Евстратом в 7250-ом году // Чтения в Обществе истории и древностей российских. 1869. Кн. 2;
Иустинов П.Д. Федосеевщина при жизни ее основателя // Христианское чтение. 1906. № 2—4.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


