Артыкулы: Векшні
Векшні (літ. Вякшняй, Viekšniai, цяпер пасёлак гарадскога тыпу ў Акмянскім р-не, Літоўская Рэспубліка), мястэчка ў Жамойці, на р. Вянта. Вядомы з 14 ст. Мяркуецца, што каля 1565, у час валочнай памеры Векшнянскай воласци, у В. заснаваны касцёл. Мураваны касцёл Яна Хрысціцеля пабудаваны ў 1634 (В. — цэнтр дэканата). У 1636 заснавана школа. Былі дзярж. уладаннем, цэнтрам нягродавага стараства, якое давалася ў трыманне магнатам. З 1703 вякшнянскім старастам быў падканцлер ВКЛ С.А.Шчука, потым — яго сын Марцін Леапольд, які 25.10.1725 прадаставіў В. магдэбургскае права і герб з выявай 3 высокіх гор. У 1743 гэта права пацвердзіў вякшнянскі стараста Міхал Гурскі, у 1764 пазбаўлены яго соймам. 15.5.1792 кароль польскі і вял. князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі аднавіў магдэбургскае права для В. і даў герб мястэчку з выявай 3 зорак (1 сярэбраная, 2 залатыя) пад каронай у блакітным полі. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Рас. імперыі.
Літаратура:
Lietuvos magdeburginių miestų privilegijos ir aktai. T. 2. Vilnius, 1997.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне