Артыкулы: Венская бітва 1683
Венскаябітва 1683. Адбылася 12 вер. пад Венай паміж турэцкай арміяй на чале з вял. візірам Кара-Мустафой і аб’яднанымі войскамі Свяшчэннай Рымскай імперыі і Польшчы на чале з польскім каралём Янам ІІІ Сабескім. Польскае войска прыбыло на дапамогу абложанай туркамі Вены на падставе заключанага ў крас. 1683 перамір’я з імператарам Леапольдам І. Польскіх войск налічвалася каля 27 тыс., аўстра-нямецкіх — каля 43 тыс., турэцкіх — каля 110—115 тыс. У ходзе бітвы турэцкая армія была разбіта. Гэта буйнейшая перамога паклала канец турэцкай экспансіі ў Еўропе.
Армія ВКЛ не здолела своечасова падысці на месца бітвы. Бел.-літ. войскі (10 тыс. чал.) на чале з вял. гетманам К.Я.Сапегам і польным гетманам Я.Агінскім у вер. 1683 былі сканцэнтраваны каля Янава-Падляшскага, пасля праз Кракаў 4.10.1683 уступілі ў Славакію для барацьбы з турэцкім васалам кн. Імрэ Цёкёем. Тут войскі ВКЛ вызначыліся гвалтам і рабункамі мірнага насельніцтва, што выклікала партызанскі рух. Незадаволенасць дзеяннямі арміі ВКЛ у Славакіі прывяла да таго, што Ян ІІІ Сабескі не здабыў уплыву ў Венгрыі і не здолеў там умацавацца як спадчынны манарх, што, на думку караля, павінна было садзейнічаць укараненню яго дынастыі ў Рэчы Паспалітай.
Літаратура:
Semkowicz W. Udział wojsk litewskich Sobieskiego w kampanji roku 1683 // Ateneum Wileńskie. 1934. R. 9;
Wimmer J. Wiedeń, 1683. Warszawa, 1983;
Подхородецкий Л. Вена, 1683: Пер. з польск. М., 2002.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


