Артыкулы: Веркаўская бітва 1658

Веркаўская бітва 1658. Адбылася 21 кастр. у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Пасля адмовы Варшаўскага сойма 1658 разглядаць кандыдатуру цара Аляксея Міхайлавіча на трон Рэчы Паспалітай адносіны паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай абвастрыліся. Каб вызначыць прынцыпы адносін паміж абедзвюмі дзяржавамі, пад Вільняй 26.9.1658 пачаліся перагаворы, якія з боку ВКЛ вялі вял. гетман Павел Ян Сапега (гл. ў арт. Сапегі) і польны гетман Вінцэнт Аляксандр Гасеўскі (гл. ў арт. Гасеўскія). Улады ВКЛ вялі перагаворы з пазіцыі сілы, Сапега са сваім атрадам стаў на Пд ад Вільні, каля в. Рудаміна, Гасеўскі, у якога было 1500 чал. конніцы, разбіў свой лагер у біскупскім маёнтку Веркі на Пн ад Вільні. Узяўшы Вільню ў кальцо, войска ВКЛ фактычна кантраліравала Віленскі пав. Рас. войскі пад камандаваннем кн. Ю.А.Далгарукава, якія займалі Вільню, раптоўна 21.10.1658 напалі на лагер Гасеўскага. Завязалася жорсткая бітва, у ходзе якой конніца Гасеўскага не здолела супрацьстаяць рас. пяхоце. Каля 200 афіцэраў і жаўнераў польнага гетмана было забіта і трапіла ў палон, сам Гасеўскі таксама трапіў у няволю і быў адпраўлены ў Маскву. Паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай аднавіліся шырокамаштабныя баявыя дзеянні.

Літаратура:

Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII века. М., 1974. С. 119;

TylaA. Verkų mūšis (1658 10 21) // Lituanistica. 2007. № 1.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.