Артыкулы: Агілевіч Пахомій
Агілевіч Пахомій (12.6.1624, г. Менск—да 1690), дзеяч грэка-каталіцкай царквы. Паходзіў з заможнай мяшчанскай сям’і. У маладосці уступіў у базыльянскі ордэн. Два гады вучыўся ў навіцыяце ў Быценскім манастыры, пасля ў Новагародку, Холме. У 1654 пасланы ў Рым, дзе набыў філасофска-багаслоўскую адукацыю ў Грэчаскім калегіуме св. Афанасія; там у 1652 абараніў доктарскую дысертацыю. Пасля вяртання на радзіму выкладаў у новаадчыненай духоўнай семінарыі ў Менску, у Новагародку, быў прапаведнікам у Святатроіцкім манастыры ў Вільні, жыў у Супраслі і Быцені, стаў намеснікам Жыровіцкага манастыра. Карыстаўся павагай сярод базыльянаў, набыў прыхільнасць мітрапаліта А.Сялявы. На капітуле 1656 абраны генеральным канзультарам. Капітул 1659 даручыў яму ажыццявіць паездку ў Рым для абароны інтарэсаў уніяцкай царквы і базыльянскага ордэна, інтарэсам якіх пагражалі маскоўскія і казацкія напады, адмоўнае стаўленне полацкага архіепіскапа Г.Календы да базыльянаў. На капітуле 1661 А. абраны генеральным вікарыем ордэна у дапамогу протаархімандрыту Я.Сушы. У 1662—64 жыў у Рыме. На капітуле 1665 зноў абраны генеральным вікарыем ордэна пры новаабраным протаархімандрыце Г.Календзе (паўнамоцтвы А. прадоўжаны на капітулах 1667 і 1671). На капітуле 1675 абраны протаархімандрытам базыльянскага ордэна. Займаў гэту пасаду да 1679, пасля чаго заставаўся да смерці протаканзультарам ордэна. Памер у Жыровічах. Вызначаўся вял. багаслоўскай эрудыцыяй. На капітуле 1667 яму і епіскапу Сушы даручана выпраўленне служэбніка і трэбніка. На капітуле 1671 А. даручана цэнзура ў Святатроіцкай друкарні ў Вільні. Удзельнічаў у Люблінскім калоквіуме 1680. У 1683 прызначаны ў камісію па складанні служэбніка, трэбніка і часаслова. У 1671 выдаў кнігу «Екфанемата літургіі грэчаскай», якая складаецца з 2 трактатаў. У 1-м творы змясціў транскрыбаваныя лацінкай часткі літургіі Іаана Златавуста з паралельным польскім перакладам. У 2-й частцы, «Гармонія», разгледзеў розныя пытанні літургіі ўсх. царквы і яе адрозненні ад лацінскай сужбы. 2-е выданне кнігі выйшла ў 1685 у Кракаве. Напісаў таксама кнігі пра царкоўную унію і Жыровіцкі абраз Маці Божай (не выдадзены).
Літаратура:
Wojnar M. De Protoarchimandrita Basilianorum. Romae, 1958;
Ваврик М. До історії служебника в Укр. Катол. Церкві в 2-ій половині 17-го ст. // Analecta Ordinis S. Basilii Magni. Рим, 1979. Т. 16.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


