Артыкулы: вёска

вёска, невялікае паселішча, жыхары якога займаліся пераважна сельскай гаспадаркай; асн. тып паселішча ў ВКЛ. У функцыянальных адносінах В. супрацьпастаўлялася мястэчку, якое было месцам правядзення лакальнага гандлю і мела большую колькасць рамеснікаў, і гораду — значнаму населенаму пункту з развітым рамяством і гандлем. Асн. тэрмінам, які абазначаў В. ў ВКЛ, было слова «сяло», зрэдку ўжываўся тэрмін «весь». Невял. сяло называлася сяльцо, прыселак. У значэнні «населены пункт» маглі ўжывацца тэрміны «пагост», «след», «служба», «дворышча», «зямля», «селішча». У Літве сельскія паселішчы называліся «каймас», «вешэ», «соджус», «пакеміс», «папіліс», «венсядзіс». В., якія ўзнікалі на новааселеных землях і насельніцтва якіх было часова вызвалена ад павіннасцей, атрымлівалі назву «воля», «волька», «слабада».

У 14—16 ст. пераважалі невялікія, не болей за 20 двароў В. Некат. з іх мелі па 1—3 двары. У асобных месцах існавалі вял. В., напр., у 1560 у Магілёўскай вол. былі В. па 100 і болей двароў. Аднак часта бывала, што буйную В. складалі раскіданыя на многія кіламетры асобныя двары і гнёзды двароў, якія, па сутнасці, былі самастойнымі В. Гасп. асваеннем да 16 ст. былі ўжо ахоплены не толькі даліны рэк, але і водападзелы, дзе ўзнікалі малыя В. Паводле падлікаў па 2035 сельскіх паселішчаў, размешчаных у 16 паветах Беларусі, у канцы 16—1-й пал. 17 ст. ў 554 паселішчах жыло менш за 10 сям’яў у кожным, у 766 было па 11—30 сем’яў, у 366 — па 31—50, у 349 — больш за 50 сем’яў.

З правядзеннем у 16 ст. валочнай памеры пачаўся працэс прымусовага ўзбуйнення В. Адміністрацыя дзярж. і прыватных уладанняў бачыла ў ссяленні ў адну В. асобных двароў сродак паляпшэння агрыкультуры і меру для ўзмацнення паліцэйскага нагляду над сялянствам. «Устава на валокі» 1557 прадугледжвала В. з вулічнай планіроўкай, пры якой хаты з клецямі і хлявамі стаялі на адным баку вуліцы, а астатнія гасп. пабудовы — на другім. Пабудова такіх В. была магчыма на вял. адкрытых прасторах, а на забалочаных і моцнаперасечаных мясцовасцях працягвалі існаваць В. з бессістэмнай або радавой забудовай. Згодна з уставай 1557 ворыва падзялялася на 3 палі, кожнае з якіх мела свае межы («сцены»). Землі за гэтымі межамі — засценкі — здаваліся ў арэнду дробнай шляхце, якая ставіла там свае двары. Першапачаткова ў засценках было па 1—2 двары, пасля іх колькасць павялічваецца. На мяжы 18—19 ст. у Койданаўскім графстве былі засценкі з 10—16 і нават 20 дварамі. У 2-й пал. 16 ст. з’явіліся ваколіцы — паселішчы дробнай шляхты, якая не мела прыгонных і сама займалася сельскай гаспадаркай. Да наступнага тыпу адносіліся розныя аднадворныя і маладворныя сельскія паселішчы. Сярод іх былі двары арандатараў, леснікоў, млынароў і інш. Своеасаблівым відам сельскіх паселішчаў былі панскія двары (дварцы) — цэнтры іх маёнткаў, дзе, акрамя панскага жылля, былі сядзібы панскіх слуг і сялян. З развіццём прыгонніцтва панскія двары трансфармаваліся ў фальваркі.

Сял. сядзібы ў дакументах звычайна называюцца дварамі, радзей сяліцьбамі, дворышчамі. Двор бел. селяніна складаўся звычайна з хаты, клеці (свірана), хлява (аборы), гумна (стадолы, клуні), адрыны (пуні) і інш. Вакол сядзіб узводзілася загарадзь (плот, тын). Панскія сядзібы мелі большую колькасць гасп. пабудоў, сярод іх былі вазоўні, сырніцы, скарбчыкі і інш. У В. маглі быць рудня, гута, бровар, кузня, млын, карчма, царква, касцёл.

Літаратура:

Леонтович Ф.И. Крестьянский двор в Литовско-Русском государстве. Вып. 1—3. СПб.; Варшава, 1897—98;

Мелешко В.И. Очерки аграрной истории Восточной Белоруссии (вторая половина XVII—XVIII в.). Мн., 1975;

Шаблюк В.У. Сельскія паселішчы Верхняга Панямоння XIV—XVIIIстст. Мн., 1996;

Гісторыя сялянства Беларусі. Т. 1. Мн., 1997.

Валерый Пазднякоў, Валерый Шаблюк

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.