Артыкулы: Віграўскі кляштар камедулаў
Віграўскі кляштар камедулаў. Заснаваны каралём польскім і вял. князем літоўскім Янам ІІ Казімірам 6.1.1667 на паўвостраве воз. Вігры ў Гарадзенскім пав. (цяпер у Падляскім ваяв., Рэспубліка Польшча). Згодна з каралеўскім прывілеем, кляштар, разлічаны на 12 манахаў, атрымаў месца пад сядзібу, часткі Пераломскай і Пярстунскай пушчаў з вёскамі. Кароль пакінуў сабе права палявання ў пушчах. Манахі прыбылі ў 1668, першапачаткова жылі ў каралеўскім паляўнічым двары. У пажары 1671 паляўнічы двор, драўляны касцёл і кляштарныя пабудовы згарэлі. У 1678 пабудаваны новы невял. драўляны касцёл кляштара, а ў 1680 — драўляны касцёл для прыхажан у бліжэйшай в. Магдаленава. У 1685 кляштар атрымаў статут прыярата, да 1699 закладзены мураваны касцёл паводле праекта, як мяркуецца, Пятра Пуціні. На 2 тэрасах, уладкаваных на прыродным пагорку, пабудаваны мураваны касцёл, келлі манахаў (эрэмы), будынак для гасцей (т.зв. Канцлерская капліца), гадзіннікавая вежа, гаспадарчыя будынкі. Будаўнічыя працы працягваліся да 1745. У 1715 кароль польскі і вял. князь літоўскі Аўгуст ІІ надаў кляштару дадатковыя ўладанні. Кляштар валодаў г. Сейны, 56 вёскамі, 11 фальваркамі, азёрамі, млынамі, борцямі, броварамі, руднямі, смалярнымі, меў каля 8,5 тыс. падданых, быў адным з заможнейшых у Рэчы Паспалітай. Прускія ўлады ў 1796 канфіскавалі зямельныя ўладанні кляштара, а ў 1800 скасавалі яго. Былы кляштар стаў сядзібай новастворанага Віграўскага біскупства (існавала да 1823), некаторыя будынкі былі перабудаваны. У 1829, 1860-х г. і пач. 20 ст. касцёл адрамантаваны, некаторыя кляштарныя будынкі разабраны. У час 1-й сусв. вайны кляштарны комплекс значна пашкоджаны. У 1922—29 паводле праекта Оскара Сасноўскага адбудаваны касцёл, плябанія і 1 эрэм. У час 2-й сусв. вайны касцёл зноў часткова разбураны, пасля вайны пачаліся рэстаўрацыйныя працы, якія працягваюцца да цяперашняга часу. Касцёл Беззаганага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі пабудаваны ў стылі позняга барока ў зах. частцы верхняй тэрасы. У плане мае форму крыжа, у бакавых канцах якога размешчаны капліцы, сакрысціі і зала брацтва. Над імі ўзвышаюцца 2 двухярусныя вежы, накрытыя барочнымі купаламі. Галоўны неф накрыты 2-схільным дахам з меднай бляхі, у бакавых нефах уладкавана на 3 капліцы. Касцёл меў багата аздобленыя інтэр’еры, размаляваныя фрэскамі, 9 алтароў. У крыпце касцёла захаваліся пахаванні манахаў і віграўскага біскупа Міхала Францішка Карповіча. Да паўн.-зах. кута касцёла прымыкае трапезная (цяпер плябанія) з уязной брамай, пабудаваная на ніжняй тэрасе. На паўдн. баку той жа тэрасы размешчана фарэстэрыя (дом для заможных насельнікаў кляштара, якія пад апекай манахаў праводзілі тут рэшту жыцця). Перад галоўным парталам касцёла пабудаваны будынак з вежай, завершанай купалам (т.зв. Канцлерская капліца). На ніжняй тэрасе размешчаны асобныя келлі манахаў (эрэмы).
Літаратура:
Kłapkowski W. Duszpasterstwo i oświata w dobrach klasztoru kamedulów wigierskich. Sejny, 1933;
Jemielity W. Zespół pokamedulski w Wigrach. Łomża, 1989;
Grabowski K., Osewski W., Starczewski M. Pokamedulski zespół klasztorny Wigry. Suwałki, 1997;
Ambrosiewicz M. Dzieje wigierskiego klasztoru // Wigry. 2003. № 1.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


