Артыкулы: Агрыпа Вацлаў

Агрыпа Вацлаў (Венцлаў; каля 1525—97), дзяржаўны дзеяч ВКЛ, дыпламат, палеміст. Сын Венцаслава Мікалаевіча (Міхалона Літвіна). Вучыўся ў Кракаўскім (з 1548) і Вітэнбергскім (з 1552) ун-тах. У 1552 каморнік ваяводы віленскага М.Радзівіла Чорнага, у 1563 каралеўскі сакратар у Інфлянтах, у 1569—70 пісар польны інфлянцкі, у 1572 рэвізор каралеўскіх маёнткаў у Інфлянтах. Маршалак сойма 1574, на якім каранаваны Генрык Валезы. У час бескаралеўя 1574—75 разам з Радзівіламі быў на баку Габсбургаў, удзельнічаў у пасольстве ў Вену да імператара. Пасля пагадзіўся з новаабраным каралём Стафанам Баторыем. У 1576—86 вял. пісар ВКЛ, працаваў у канцылярыі караля, удзельнічаў у яго паходах на Гданьск, Вялікія Лукі (у 1580 прымаў там маскоўскіх паслоў) і Пскоў. У 1581 прымаў прысягу Рыгі. Кашталян менскі ў 1586—90 і смаленскі з 1590. Быў знаўцам публічнага і дзярж. права, прымаў удзел у стварэнні Статута ВКЛ 1588. Вызнаваў лютэранства, вёў рэліг. палеміку з папскім нунцыем у Рэчы Паспалітай А.Ліпаманам, пераклаў на польск. мову казанні ням. рэфарматара І.Брэнца (выдадзены ў 1588 у Вільні ў друкарні Я.Карцана). Аўтар кн. «Пахавальная прамова пра … князя … Яна Радзівіла, князя на Нясвіжы і Алыцы, жыццё і смерць» («Oratio funebris de … principis … Iohannis Radzivili Oliciae et Nesvisii ducis, vita et morte» (1553, без месца выдання). Пасынак А. — Г. Пельгрымоўскі.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.