Артыкулы: Віленскае цівунства
Віленскае цівунства, адм.-тэр. і гаспадарчая адзінка ў ВКЛ у 14—18 ст. Магчыма, існавала ўжо пры вял. кн. Гедыміну, вядома з 1430-х г. Уяўляла собой дзяржаўны павет, які матэрыяльна забяспечваў сталіцу ВКЛ — Вільню. Ляжала на ПнУ ад Вільні. Складалася з валасцей (часам таксама называліся паветамі, дзяржавамі): Немянчынскай, Свянцянскай, Лынгмянскай, Дзісенскай, Трашкунскай, Ажвінскай, Канцяжынскага. Цівун віленскі ажыццяўляў гаспадарчае кіраванне дзярж. землямі (збіраў з іх мядовую даніну, мезлеву, распараджаўся млынамі, матэрыяльна забяспечваў Віленскі кафедральны касцёл, адсылаў збожжа ў дзярж. замкі, і інш.), уладкоўваў там ваеннапалонных, майстроў, што былі заняты на будоўлях у Вільні, меў судовую ўладу, уводзіў ва ўладанне маёткамі, падараванымі вял. князем, збіраў дзярж. падаткі (сярэбшчыну), мог выконваць абавязкі віленскага ваяводы. Быў вольным ад ваеннай службы. Віленскім цівуном мог быць толькі падданы ВКЛ. Меў уласны апарат: падцівуна, мясцовых дзякаў, намеснікаў. Пасля адм.-тэр. рэформы 1565—66 тэрыторыя В.ц. ўвайшла ў склад Віленскага, Ашмянскага і Браслаўскага пав., але як гаспадарчая адзінка яно захавалася.
Літаратура:
Wojtkowiak Z. Lithuania transwilniensis saec. XIV—XVI: Podziały Litwy północnej w późnym średniowieczu. Poznań, 2005.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


