Артыкулы: Віленская акадэмія

Віленскаяакадэмія, вышэйшая навучальная ўстанова ў ВКЛ. Заснавана ў Вільні езуітамі як калегіум (адчынены 27.9.1570, каля 160 навучэнцаў). 7.7.1578 і 1.4.1579 кароль Стафан Баторый выдаў прывілеі (30.10.1579 пацверджаныя булай рымскага папы Грыгорыя ХІІІ) на пераўтварэнне калегіума ў вышэйшую школу (акадэмію). 1-ы рэктар — П.Скарга. Акрамя калегіума — сярэдняй школы, у акадэміі былі філасофскі (з 1572) і тэалагічны (з 1574) курсы (факультэты). У 1572 было 200 навучэнцаў, у 1596 — больш за 800. У 1655—60 з-за акупацыі рас. войскамі не дзейнічала. Гуманітарны курс калегіума адноўлены ў 1660, філасофскі — у 1662, тэалагічны — у 1666.

Гуманітарны (пачатковы) курс складаўся з 4 класаў граматыкі, сінтаксіса, паэтыкі і рыторыкі. У 18 ст. ўведзена выкладанне франц. і ням. моў, гісторыі і геаграфіі. У 1667 адчынена кафедра музыкі. Філасофскі курс быў 2-гадовым для свецкіх студэнтаў і 3-гадовым для езуітаў. Тут існавалі кафедры грамадскіх навук — матэматыкі і маральнай філасофіі. У 18 ст. перавагу над традыцыйнымі дысцыплінамі (логіка, фізіка, метафізіка) набылі практычныя прадметы: эксперыментальная фізіка, матэматыка, астраномія, архітэктура. У 1752 пачалося выкладанне вышэйшай матэматыкі. Тэалагічны курс быў 4-гадовы, аднак існаваў і скарочаны 2-гадовы. У 1642 заснаваны прававы курс, на якім выкладалася права цывільнае (1642—55, 1667—1773) і царкоўнае. У 1677 адчынена кафедра палітыкі.

В.а. падтрымлівалі каталіцкае духавенства, мясц. магнаты і шляхта. У 1575 М.К.Радзівіл Сіротка перадаў акадэміі друкарню з Берасця. Афіцыйна яна была прынята ў 1585 (гл. Віленская акадэмічная друкарня). В.а. мела багатую б-ку. Ёй перадалі свае кнігазборы біскупы В.Пратасевіч, Ю.Радзівіл, Б.Война, М.Пац, А.Валовіч, а таксама кароль Жыгімонт ІІ Аўгуст, магнат К.Л.Сапега і інш. Апошні адыграў вырашальную ролю ў адкрыцці ў акадэміі юрыд. факультэта і ўтрымліваў за свой кошт 4 прафесараў-юрыстаў. У 1753 на сродкі мсціслаўскай кашталянкі Л.Пузыны заснавана астранамічная абсерваторыя. Пры В.а. з самага пачатку існаваў тэатр (спец. тэатральная зала пабудавана ў 1733—44), аптэка (з канца 16 ст. публічная).

Апрача служыцеляў культу В.а. рыхтавала выкладчыкаў для езуіцкіх сярэдніх навуч. устаноў — калегіумаў, якія ў хуткім часе былі ўтвораны амаль ва ўсіх буйных гарадах ВКЛ. Паводле прыблізных падлікаў, з 1583 да 1781 В.а. прысвоіла сваім выпускнікам 4076 навук. ступеняў, у т.л. па філасофіі 3510, па праву 149, па тэалогіі 417. Сярод найб. вядомых выпускнікоў акадэміі А.Алізароўскі, А.Баболя, Ф.К.М.Богуш, К.Вырвіч, А.Каяловіч, А.С.Нарушэвіч, М.К.Сарбеўскі, Сімяон Полацкі, М.Сматрыцкі. У розны час яе выкладчыкамі працавалі Алізароўскі, Ю.Бака, Ф.Багамолец, А.Барташэвіч, К.Бартольд, С.Л.Бізіо, К.А.Галоўка, Б.Дабшэвіч, Т.Жаброўскі, Ж.Э.Жылібер, М.Карскі, М.Карыцкі, Каяловіч, Ж.Лаўксмін, Ф.Папроцкі, Я.Пашакоўскі, Д.З.Пільхоўскі, Сарбеўскі, А.Скарульскі, Г.Страйноўскі, Г.Форстэр і інш.

Пры В.а. існавалі бурсы (канвікты): для багатых на вул. Замкавай (засн. у 1575 віленскі біскуп Пратасевіч), Валерыянаўская (засн. у 1579 Пратасевіч на вул. Бернардзінскай), Амбразіянская для незаможных (засн. у 1602 канонік А.Бейнарт), Корсака (засн. у 1618 суддзя земскі ашмянскі Я.М.Корсак), музычная (засн. у 1651 дэкан Жабінскі, выхоўвала спевакоў для кафедральнага касцёла). Канвікт для незаможных заснаваў у 1740 стольнік лідскі Д.К.Шышка, у 1752 пераўтвораны ў Віленскі езуіцкі «Калегіум нобіліум».

Па ініцыятыве А.Пасевіна рымскі папа Грыгорый ХІІІ 5.2.1583 выдаў булу аб заснаванні пры В.а. Папскай семінарыі (алюмната). Яна была адчынена ў 1583 (афіцыйна ў 1585) і прызначалася ў асноўным «для русінаў і маскавітаў», былі вучні са Швецыі, Фінляндыі, Даніі, Англіі, Германіі. Яе мэтай было пашырэнне каталіцызму ў гэтых краінах праз навучанне моладзі. Вучылася каля 20 студэнтаў. Яны не былі абавязаны прымаць духоўны сан і заставаліся ў асноўным свецкімі асобамі. Пасля 1625 націск рабіўся на падрыхтоўку духавенства. Найб. здольных пасылалі вучыць філасофію і тэалогію непасрэдна ў акадэміі.

Пасля скасавання ордэна езуітаў (1773) В.а. падначалена Адукацыйнай камісіі, але выкладаць працягвалі былыя езуіты. З яе вылучана ваяводская сярэдняя школа. У 1781 акадэмія названа Гал. школай ВКЛ. Куратарам яе стаў І.Храптовіч, рэктарам — матэматык і астраном М.Пачобут-Адляніцкі, які правёў у школе рэформу і надаў адукацыі амаль свецкі характар. Школа мела маральны і фізічны факультэты. На першым выкладаліся гісторыя грэчаскай і рымскай л-ры, права (натуральнае, агульнае, рымскае і беларускае), агульная гісторыя, свяшчэннае пісанне, дагматычная і маральная тэалогія, гісторыя царквы і кананічнае права, красамоўства; на другім — арыфметыка, геаметрыя, вышэйшая матэматыка, астраномія, механіка, фізіка, хімія, прыродазнаўства, медыцына. З Гародні сюды пераведзены і далучаны да Гал. школы мед. школа і інстытут спавівальнага майстэрства, на базе якіх заснаваны мед. факультэт, т.зв. Медыцынскі калегіум. У 1781 пры Гал. школе заснаваны Батанічны сад. Пасля 2-га і 3-га падзелу Рэчы Паспалітай і далучэння зямель ВКЛ да Рас. імперыі Гал. школа падпарадкавана рас. ўраду і з 1796 наз. Гал. Віленскай школай.

Архітэктурны ансамбль В.а. складаўся на працягу стагоддзяў і займаў вял. квартал. Гал. будынак калегіума пабудаваны ў 1611—13. У 1670 пачалося будаўніцтва новага калегіума (этапы 1671, 1677—79, 1681, 1686—90, 1728—36). Будынкі адбудоўваліся пасля пажараў 1737 і 1748. Карпусы В.а. (цяпер іх 13) утвараюць 12 дзядзінцаў. Найб. раннія гатычныя элементы будынкаў адносяцца да 1-й пал. 16 ст. Асн. карпусы 16 ст. ў стылі Рэнесансу (з элементамі маньерызму) маюць адкрытыя аркады і ўтвараюць дзядзінцы Вялікі (Скаргі) і Абсерваторыі. На Вял. дзядзінец выходзяць гал. фасады Віленскага касцёла Яна Хрысціцеля і Яна Евангеліста, вежы-званіцы (вышыня 68 м, 1—4-ы ярусы збудаваны ў 1600—10 у стылі рэнесансу, 5-ы ярус узведзены пасля 1737 у стылі барока), корпуса актавай залы (1757—61). Элементы барока маюць 3-я паверхі зах. корпуса дзядзінца Сарбеўскага і карпусы на паўн. і зах. баках Вял. дзядзінца (пасля 1749), астранамічная абсерваторыя (1753—58, арх. Т.Жаброўскі), інтэр’еры залаў Белай і Лялевеля (сярэдзіна 18 ст.). У стылі класіцызму надбудавана абсерваторыя (1782—88, арх. М.Кнакфус), партал Белай залы (1770—73, арх. К.Спампані).

Літаратура:

Vilniausuniversitetoistorija. T. 1. 1579—1803. Vilnius, 1976;

Забулис Г. Вильнюсский университет в истории Литвы. Вильнюс, 1979;

История Вильнюсского университета. Вильнюс, 1979;

Мачюлите-Касперавичене А., Сакалаускас М., Стравинскас А. Здания Вильнюсского университета. Вильнюс, 1979;

AcademiaetuniversitasVilnensis. Vilnius, 1979;

Jancevičius A. Vilniausuniversitetui — 400. Vilnius, 1979;

A short history of Vilnius University. Vilnius, 1979;

Studia z dziejów Uniwersytetu Wileńskiego 1579—1979. Kraków, 1979;

Vilniaus universitetas: Bibliografija 1940—1977. Vilnius, 1979;

Vilniaus universiteto rūmai. Vilnius, 1979;

Baranowski H. Uniwersytet Wileński, 1579—1939: Bibliografia za lata 1945—1982. Wrocław etc., 1983;

Piechnik L. Dzieje Akademii Wileńskiej. T. 1—4. Rzym, 1984—90;

Paszenda J. Zabudowa akademii wileńskiej w XVI—XVIII wieku // Paszenda J. Budowle jezuickie w Polsce XVI—XVIII w. Kraków, 1999. T. 1.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.