Артыкулы: Віленская Кацярынінская царква
Віленская Кацярынінская царква. Знаходзілася ў Вільні каля Прачысценскага сабора і Міхайлаўскага касцёла. У грамаце 1511 мітрапаліта Іосіфа Солтана ўпамінаецца аб яе асвячэнні (відаць, пасля аднаўлення, а не пабудовы). У 1548 мітрапаліт Макарый рукапалажыў у В.К.ц. святара Міхаіла, які да таго быў дворным святаром земскага падскарбія ВКЛ Івана Гарнастая. Мяркуецца, што згарэла ў час пажару 1557, бо ў дакументах 2-й пал. 16 не ўпамінаецца. У 1619 была ў руінах, яе пляц з могілкамі забудаваны прыватнымі дамамі. У 1631 за за самавольнае будаўніцтва на грунце В.К.ц., які належаў Троіцкаму манастыру, базыльяны паклікалі ў Трыбунал ВКЛ Асінскага. У 1651 прынята судовае рашэнне аб ачыстцы царкоўнага пляца ад прыватных пабудоў, але гэта не выканана. У 1671 мітрапаліт Гаўрыіл Календа намагаўся адсудзіць царкоўны пляц, што яну не ўдалося.
Літаратура:
Крачковский Ю. Старая Вильна до конца XVII столетия. Вильна, 1893;
Яго ж. Православные святыни города Вильны // Тр. IX археологического съезда 1893 года. М., 1897. Т. 2;
Добрянский Ф. Старая и новая Вильна. 3 изд. Вильна, 1904.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


