Артыкулы: Віленская Юр’еўская царква

Віленская Юр’еўская царква. Знаходзілася ў Вільні за Вострай брамай, на могілках на Росі. Драўляная. Упершыню ўпамінаецца ў грамаце 1511 мітрапаліта Іосіфа Солтана, дзе адзначана заява юр’еўскага святара Матфея, што ён атрымаў царкву ад мітрапаліта Іоны. У 1522 святар царквы Матфей склаў тастамент, тэкст якога захваўся да нашага часу. У 1532 кароль польскі і вял. князь літоўскі Жыгімонт І Стары выдаў прывілей на пабудову новай царквы «на Юр’евай Росе». Відаць, меркавалася ўзвесці часоўню або прыдзел да царквы (у гонар Раства Багародзіцы, бо В.Ю.ц. называецца часам царквой Растава Прасвятой Багародзіцы). У 1566 Жыгімонт ІІ Аўгуст выдаў дэкрэт з загадам Івану Цыгану, які прадаў дом, што належаў В.Ю.ц. і трымаў яго ў арэндзе, выкупіць назад і вярнуць царкве. З 1582 царква стала месцам брацкіх сходак і гадавых святаў для цэха капялюшнікаў, сярмяжнікаў і нагавічнікаў. Пры ёй існаваў шпіталь. У 1595 царква запячатана прыхажанамі з-за растраты царк. маёмасці святаром. У 1613 Юр’еўскае брацтва падало скаргу ў задворны асэсарскі суд за няслушнае накладанне падаткаў. У 1620 старшы Віленскага базыльянскага манастыра Іосіф Баравік дазволіў Афанасію Філіповічу трымаць палову царк. пляца за штогадовую плату 30 грошаў на карысць святара царквы. У 1640 і 1642 складзены рэестры царк. рэчаў. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 царква, відаць, разбурана. У 1671 спец. камісія адзначыла, што ад царквы засталіся руіны, на царкоўных могілках разбіты агароды і пабудавана некалькі прыватных дамоў. У 1745 праведзена вызначэнне царк. юрыдыкі на Росе «пры царкавішчы».

Літаратура:

Крачковский Ю. Старая Вильна до конца XVII столетия. Вильна, 1893;

Яго ж. Православные святыни города Вильны // Тр. IX археологического съезда 1893 года. М., 1897. Т. 2;

Добрянский Ф. Старая и новая Вильна. 3 изд. Вильна, 1904.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.