Артыкулы: Віленскі крыж

Віленскі крыж, рэліквія Рускай праваслаўнай царквы. Згодна паданню, зафіксаванаму ў «Аповесці пра цуды Віленскага крыжа», ён быў як трафей вывезены ў 1657 з адной віленскай царквы ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай і аказаўся ў мурамскага купца Б.Цвятному, які перадаў яго ў Мурамскі Троіцкі манастыр, дзе зберагаецца і цяпер (у 1930—96 знаходзіўся ў мясцовым музеі). У цяперашні час В.к. прадстаўляе сабой крыж-складзень для рэліквій з серабра 500 спробы, выраблены ў тэхніцы чаканкі, з выкарыстаннем гравіроўкі, пазалочаны. Па форме крыж 4-канцовы, з аглавіем, ускладнены 3-лопаснымі формамі, прыстаўленымі да канцоў асновы і ў выглядзе своеасаблівых букетаў уверсе і да асновы крыжа. На крыжу выява Распяцця, па баках постаці Божай Маці і Іаана Багаслова, уверсе — Саваофа ў аблоках, ад якога ўніз адыходзяць промнямі, унізе ў авальным медальёне выява Адамавай галавы з 2 косткамі. На левым баку В.к. выгравіраваны 35 надпісаў пра ўкладзеныя ўнутр крыжа мошчы (прарока Данііла, св. Ганны, евангеліста Матфея, апосталаў Андрэя і Варфаламея, інш. усяленскіх святых, св. Аляксандра Неўскага і інш.) і часткі мемарыяльных рэчаў (фрагменты рыз Сергія Раданежскага, тросці Антонія Рымляніна і інш.). Склад святых мошчаў і рэчаў паказвае на тое, што ніжняя частка В.к. з надпісамі была выраблена ў канцы 17 ст., верхняя, відаць, зроблена ў 18 ст. Першапачатковы В.к., як мяркуецца, быў напрастольным, вырабленым з серабра, пазалочаным, упрыгожаным каштоўнымі каменямі і жэмчугам. Цяперашні крыж, відаць, быў зроблены ў канцы 17—18 ст. на ўзор аўтэнтычнага В.к., які знік. Крыж заключаны ў драўляны ларэц-складзень, упрыгожаны жывапіснымі сюжэтамі святаў, жывапіс закрыты чаканай сярэбранай шатай з прорэзямі для лікаў і кісцей рук, часам для ступней ног (пач. 19 ст.).

Літаратура:

Сухова О.А. Чудотворные Сретенский и Виленский кресты из города Мурома // Ставрографический сборник. М., 2003. Кн. 2;

Пуцко В.Г.,Сухова О.А. Виленский крест в «Повести» и мощевик Троицкого монастыря в Муроме // Уваровские чтения-V. Муром, 2003.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.