Артыкулы: Віленскі палац Радзівілаў на вул.Людвісарскай
Віленскі палац Радзівілаў на вул.Людвісарскай. Пабудаваны віленскім ваяводам Янушам Радзівілам да 1653 за Вілейскай брамай гарадскіх умацаванняў Вільні, на маляўнічым баку пагорка. Вял. палацавы комплекс у стылі барока ўключаў у свой склад двухпавярховыя галоўны корпус, 2 бакавыя крылы, а таксама 5 трохпавярховых павільёнаў (4 на вуглах комплекса, адзін — у цэнтры галоўнага корпуса). П-падобны ў плане палацавы комплекс ахопліваў вял. дзядзінец — курданёр. Пабудова палаца звязваецца з майстэрняй Канстанціна Тэнкалі. Знешні выглад палаца адлюстраваны на медалі аўтарства Себасцьяна Дадлера 1653. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 палац спустошаны, яшчэ больш зруйнаваны ў час Паўночнай вайны 1700—21 і не быў адноўлены як рэпрэзентатыўная рэзідэнцыя. У 1807 Дамінік Радзівіл перадаў палац Віленскаму таварыству дабрачыннасці, яго будынкі прыстасаваны пад утылітарныя мэты. У час 1-й сусветнай вайны некаторыя будынкі палаца зруйнаваны, захавалася каля паловы першапачатковых муроў. У 1979 пачата яго рэстаўрацыя і рэгенерацыя. У 1984 скончана аднаўленне паўд.-зах. павільёна, у 1990 — паўн.-зах. павільёна і прамежкавага будынка. Унутраная планіроўка не аднаўлялася. Будынкі выкарыстоўваюцца Мастацкім музеем Літвы.
Літаратура:
Małachowicz E. Wilno: Dzieje. Architektura. Cmentarze. Wrocław, 1991. S. 125—126;
Balaišytė Lina. BandymaiatstatytiRadvilų rūmusVilniujepomaskvėnų okupacijos // Menotyra. 2010. Nr. 4.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


