Артыкулы: Віленскі палац Сапегаў на Антокалі

Віленскі палац Сапегаў на Антокалі. Сапегі валодалі драўляным дваром на Антокалі з 17 ст. На яго месцы ў 1691—97 віленскі ваявода і вял. гетман ВКЛ Казімір Ян Павел Сапега пабудаваў трохпавярховы палац у стылі позняга барока. У плане блізкі да прамавугольніка. Гал. фасад аформлены 2 нізкімі бакавымі вежамі з выгнутымі дахамі, паміж якімі размешчаны паўкруглы франтон з багатай лепкай, 1-ы паверх руставаны. Па баках палаца былі зроблены галерэі з арачнымі праёмамі (цяпер замураваны). Фасады дэкарыраваны пілястрамі іанічнага ордэру, лянымі абрамленнямі прамавугольных аконных праёмаў. Інтэр’еры аздоблены фрэскамі (Мікельанджэла Палоні), ляпнінай (Ян Пётр Перці), печамі з размаляванымі кафлямі (на белым фоне былі выявы гербаў, замкаў, касцёлаў). Палац быў абкружаны вял. паркам з павільёнамі, фантанамі і статуямі (у асноўным, драўлянымі). У сядзібу вялі праезды праз 2 барочныя брамы, упрыгожаныя ляпнінай і статуямі. У 1715 палац прададзены інш. уладальнікам. У 1809 яго набылі ўлады і ўладкавалі тут вайсковы шпіталь, пры гэтым было страчана багатае ўбранне інтэр’ераў.

Літаратура:

Łopaciński E. Pałac Sapieżyński na Antokolu w Wilnie // Prace i materjały sprawozdawcze sekcji historji sztuki towarzystwa przyjaciół nauk w Wilnie. Wilno, 1938/39. T. 3;

Małachowicz E. Wilno: Dzieje. Architektura. Cmentarze. Wrocław, 1991. S. 126—127;

Lietuvos architektūros istorija. T. 2. Vilnius, 1994.P. 169—172;

Janonienė R., Purlys E. Sapiegų rūmai Antakalnyje. Vilnius, 2012.

© Валерый Пазднякоў, 2010, 2014

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.