Артыкулы: Віленскі сабор 1558

Віленскі сабор 1558, сабор духавенства праваслаўнай Кіеўскай мітраполіі ў Вільні. Скліканы мітрапалітам Сільвестрам у 1558, на 1-м тыдні Вял. посту. Пры свой намер мітрапаліт напісаў каралю польскаму і вял. князю літоўскаму Жыгімонту ІІ Аўгусту. Кароль сваімі лістамі апавясціў усіх епіскапаў і архімандрытаў аб маючым адбыцца саборы і загадаў з’ехацца ім у Вільню на прызначаны мітрапалітам час. Потым, даведаўшыся пра цяжкую хваробу і лядашчы стан супрасльскага архімандрыта Сергія Кімбара, паведаміў 2.2.1558 мітрапаліту, што Сергій не можа з’явіцца на сабор, а дашле замест сябе ўпаўнаважанага, і пры гэтым выказаў жаданне, каб на саборы, які склікаецца руплівасцю мітрапаліта «ку постановенью веры и закону хрестиянского», усё скончылася добра, у згодзе са словам і наказам Божым. Іншых звестак пра сабор не дайшло. Не вядома канкрэтная праграма яго дзейнасці. Выказвалася меркаванне, што сабор не толькі разгледзеў праблемы ўнутранага жыцця правасл. царквы, але і небяспеку, якую несла ёй пратэстанцтва.

Літаратура:

Макарий (Булгаков). История Русской Церкви. Кн. 5. М., 1996.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.