Артыкулы: Віленскі сабор 1589
Віленскі сабор 1589, сабор духавенства праваслаўнай Кіеўскай мітраполіі. Быў скліканы канстанцінопальскім патрыярхам Іераміем, у той час, калі ён у 1588 праз Беларусь накіроўся ў Маскву, каб зацвердзіць там утварэнне незалежнага патрыярхату. Сабор быў прызначаны на свята Раства Багародзіцы (8.9.1588), але тады не адбыўся. У Вільню патрыярх прыехаў з Масквы ў ліп. 1589. Туды ж прыбыў кароль польскі і вял. князь літоўскі Жыгімонт ІІІ з сенатарамі. Іераміі была прадастаўлена магчымасць песперашкодна правесці сабор і ажыцявіць мерапрыемствы па ўладкаванні правасл. царквы Рэчы Паспалітай. На саборы абмяркоўваліся парушэнні канаічнага права, што адбываліся ў мітраполіі. Патрыярх нізлажыў мітрапаліта Анісіфора Дзевачку, з-за таго, што 2 разы быў жанаты [21(31) ліп.]. Новым мітрапалітам кароль прызначыў Міхаіла Рагозу [27 ліп.(6 жн.)], якога патрыярх пасвяціў. Іерамія ўхіліўся ад дыскусіі па пытаннях веры, якую прапаноўвалі каталіцкія дзеячы і прыхільнікі царкоўнай уніі (І.Пацей). 1(11) жніўня Іерамія выдаў грамату да ўсіх правасл. народаў Усходу, у якой забараніў святарм з усх. краін па-за юрысдыкцыяй канстанцінопальскага патрыярха самавольна прыязджаць у Рэч Паспалітую і ўмешвацца ў мясц. духоўныя справы. Са свайго боку, Жыгімонт ІІІ 21.7.1589 зацвердзіў статут Віленскага Троіцкага брацтва са школай і друкарняй. Вынікі сабора былі супярэчлівымі: дзеянні Іераміі, накіраваныя на аздараўлення правасл. царквы Рэчы Паспалітай, прывялі да незадаволенасці правасл. епіскапамі дзейнасці канстанцінопальскага патрыярха, абвастрылі іх адносіны з брацтвамі і падштурхнулі іх да заключэння уніі з каталіцкай царквой.
Літаратура:
Грушевський М. Історія України-Руси. Т. 5. Київ, 1994;
Макарий (Булгаков). История Русской Церкви. Кн. 5. М., 1996.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


