Артыкулы: Віленскі сінод 1611
Віленскі сінод 1611, сінод Віленскай рымска-каталіцкай епархіі. Скліканы біскупам Бенядзіктам Войнам 25 крас. ў Вільні. Прысутнічалі члены капітула, 300 плябанаў. Сінадальным прапаведнікам быў Пётр Скарга. Сінод прыняў статуты, якія надрукаваны разам з пастановамі сінодаў 1602 і 1607: «ConstitutionesSynodorumDiocesisVilnensisPerIllustrissimumEtReverendissimumInChristoPatremAcDominumD. BenedictumWoyna...» (месца выдання не ўказана, 1613). Было пастаноўлена: святары павіны выкладаць народу асновы веры па пасцілам Вуека і Скаргі, пазбягаць «фальшывых» гісторый і вымышленых цудаў; пры выкананні сакраментаў ужываць устаноўленыя рытуалы, не дапускаць да выканання капланскіх абавязкаў вандроўных святароў без дазволу біскупа; клапаціцца пра Святыя Дары, выконваць правілы хрышчэння, заключэння шлюбу, споведзі, прычасця; святары павінны спавядаць толькі сваіх прыхаджан; не вымагаць аплаты за сакраменты; не высвячаць святароў без дазволу пробашча і дэкана, кандыдат з іншай дыяцэзіі павінен прынесці прысягу, што на працягу 6 гадоў застанецца ў гэтай дыяцэзіі; дэканы прынамсі раз у год павінны аглядаць дэканат і рабіць аб гэтым справаздачу біскупу, раз на год склікалі дэканацкія сіноды, сумленна выконвалі распараджэнні духоўнага начальства, з ксяндзамі захоўвалі «брацкую любоў»; ксяндзы павінны насіць доўгую чорную сукню і галіць танзуру, устрымлівацца ад моцных напіткаў, ігры ў карты, нікому не адмаўляць у пахаванні, таксама тым, хто не можа аплаціць; чвэрць маёмасці памёршага ксяндза належыць яго касцёлу; забараняецца звычай класці ахвяры на алтар, пачастункі на цвінтары; належыць строга трымацца пастоў (іх пералік вызначаны); патронамі ВКЛ абвешчаны святыя Казімір, Георгій і Мікалай.
Літаратура:
Przyałgowski W. Żywoty biskupów wileńskich. T. 2. Petersburg, 1860;
Kurczewski J. Kościół zamkowy czyli katedra wileńska w jej dziejowym, liturgicznym, architektonicznym i ekonomicznym rozwoju. Wilno, 1908;
Sawicki J. Concilia Poloniae: Źródła i studia krytyczne. T. 2. Synody diecezji wileńskiej i ich statuty. Warszawa, 1948.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


