Артыкулы: Адзінцэвічы

Адзінцэвічы, Адынцэвічы, княжацкі род уласнага герба «Адынец». Верагодна, паходзілі ад полацкіх або друцкіх князёў. У адным з супрасльскіх рукапісаў змешчаны ўласны радавод А., у якім прыведзены малаверагодныя звесткі пра паходжанне роду. Згодна з ім, родапачынальнік Іван Адзінец прыбыў «з Немец» і княжыў у Друцку. Ён меў сына Міхаіла і ўнука Андрэя. Апошні пакінуў сыноў Фёдара і Аляксандра і дачку, якая стала жонкай вял. князя ВКЛ Жыгімонта Кейстутавіча. Род А. згас у канцы 16—пач. 17 ст. Найб. вядомыя:

Аляксандр Андрэевіч (?—?), сын Андрэя Міхайлавіча. Валодаў маёнткам Рэпухава. Разам з сынам Рыгорам выехаў у Маскву.

Рыгор (?—?), сын Аляксандра Андрэевіча. Каля 1442 атрымаў ад вял. князя ВКЛ Казіміра с. Рыколаўскае. Разам з бацькам выехаў у Маскву.

Фёдар Андрэевіч (?—пасля 1442), сын Андрэя Міхайлавіча. У час феадальнай вайны 1432—39 удзельнічаў у Ашмянскай бітве 1432 на баку вял. кн. Свідрыгайлы і трапіў у палон да Жыгімонта Кейстутавіча. Каля 1442 атрымаў ад Казіміра с. Прыхабы. Ад жонкі Аксінні (дачкі кн. Андрэя Усеваладавіча Шуціхі) меў сыноў Дзмітрыя, Івана, Багдана, Рыгора і дачку Марыю. Ад Івана пайшла багрынаўская лінія роду (яе прадстаўнікі зваліся князямі Адынцэвічамі-Багрынаўскімі і Багрынаўскімі), ад Дзмітрыя — гольцаўская, ад Багдана — адзінцэвіцкая.

Іван Фёдаравіч (?—да 1509), старэйшы сын Фёдара Андрэевіча. Ад жонкі — дачкі смаленскага баярына Плюскава — меў сыноў Рыгора і Васіля.

Дзмітрый Фёдаравіч(?—да 1508), сын Фёдара Андрэевіча. Валодаў маёнткамі Гольцава, Шыйка і Крывая каля Друцка, дваром у Друцку. Ад жонкі Ульяны (сястры кн. С.І.Бельскага) меў сыноў Васіля, Івана, Арэхву, Андрэя, дачок Федку і Ганну. Памёр незадоўга да Глінскіх мяцяжу 1508, яго сыны, замешаныя ў мяцяжы, выехалі ў Маскву. Усе іх маёнткі атрымаў брат Дзмітрыя Рыгор.

Багдан Фёдаравіч (?—пасля 1528), сын Фёдара Андрэевіча. У бітве на Вядрошы 1500 трапіў у маскоўскі палон. Пасля вяртання судзіўся за маёнткі Лемніца і Палонна каля Оршы. У 1524 атрымаў пацвярджэнне на маёнткі Астраўляны, Асечна, Удалоева, Камянец і Арэшаў на Полаччыне. У 1528 ставіў у войска ВКЛ 30 коннікаў.

Сямён Багданавіч (?—1542), сын Багдана Фёдаравіча. Дваранін гаспадарскі ў 1516, гараднічы гарадзенскі з 1532, верагодна, у 1534 быў часова жамойцкім старастам; дзяржаўца любашанскі з 1536, адначасова смалянскі з 1540. Ад жонкі Настассі (дачкі кн. М.А.Сангушкі) атрымаў Дзярэчын (валодаў ім супольна з А.М.Сангушкам і І.А.Палубінскім), меў сына Андрэя, дачок Марыю (жонка Л.Б.Абразцова) і Ганну (жонка кн. Ю.В.Саламярэцкага, пасля кн. Ф.П.Галаўні-Астрожацкага). Для яго ў 1519 складзены Супрасльскі рукапіс з радаводам князёў А.

Рыгор Іванавіч (?—1559), старэйшы сын Івана Фёдаравіча. Валодаў часткай Друцка. У 1528 ставіў у войска ВКЛ 5 коннікаў. Ад жонкі Ганны меў сына Івана, дачок Марыну (жонка Я.Палускага) і Аксінню (жонка кн. Б.Друцкага-Саколінскага).

Васіль Іванавіч (?—канец 1555 або пач. 1556), малодшы сын Івана Фёдаравіча. Валодаў часткай Друцка, маёнткамі Багрынава, Нястанавічы, Крайск, Хатаевічы. Не меў жонкі і дзяцей.

Іван Рыгоравіч (?—да 1559), сын Рыгора Іванавіча. Валодаў Багрынавам. Быў жанаты з дачкой кн. А.С.Друцкага-Саколінскага-Бабіча, потым з Ганнай, дачкой Г.Есьмана, меў сыноў Сямёна і Дзмітрыя, дачок Тамілу і Багдану.

Андрэй Сямёнавіч (?—канец 1566), сын Сямёна Багданавіча. Гараднічы менскі з 1549, у 1555 ротмістр, пасол да татарскага хана, маршалак гаспадарскі і стараста аршанскі з 1560. Валодаў маёнткамі Падбярэззе, Басея, Прылукі, Мышкавічы, Рэпухаў, Бабіна, Зазер’е. Ад жонак княжны Федзі Багданаўны Заслаўскай і Гальшкі Янаўны Глябовіч меў сыноў, якія памерлі маладымі.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.