Артыкулы: Віленскі сінод 1717

Віленскі сінод 1717, сінод Віленскай рымска-каталіцкай епархіі. Скліканы біскупам Канстанцінам Казімірам Бжастоўскім 3—5 лют. ў Віленскім кафедральным касцёле. Сіноду папярэднічала генеральная візітацыя Віленскага біскупства. Сінод пастанавіў: дэканы павінны 2 разы ў год склікаць пробашчаў на сход; хрысціць і даваць шлюб толькі ў касцёле; праводзіць катэхізацыю на зразумелай, бацькоўскай мове; святары павінны рабіць казанні ў нядзелі і святы, праводзіць мшу паводле рытуалу, са спевамі, будаваць арганы, скласці спісы парафіян; не ададваць касцельныя маёнткі ў арэнду без дазволу біскупа; жыць у парафіі і не займацца свецкімі справамі (адвакатура, выкладанне ў прыватных дамах, кіраванне маёнткамі). Святарам забаронена п’янства, пражыванне разам з кабетамі (нават роднымі), нашэнне пышнай вопраткі; святары павінны наглядаць над выкананнем постаў, але супрацьдзейнічаць прыватна прызначаным постам. Па ініцыятыве канонікаў рэгулярных прынята рашэнне дабівацца ў Рымскай курыі кананізацыі благаславёнага Міхала Гедройца. Забароненна будаваць сінагогі і пратэстанцкія зборы без ведама біскупа, праводзіць яўрэйскія і лютэранскія працэсіі. Святарам рэкамендавана асвятляць народ у адносінах да чараўнікоў, не дапускаць, каб іх судзіў свецкі суд або вясковы натоўп. Пастаноўлена прывесці ў парадак епархіяльны архіў, для чаго вызначаны люстратары. Прызначаны камісары для рэвізіі Віленскай духоўнай семінарыі. Былі вызначаны праступкі і злачынствы, якія падлягалі суду біскупа, пералічаны перашкоды, якія рабілі шлюб нядзейсным. Вызначаны парадак ажыццяўлення касцельнага следства (інквізіцыі). Вызначаны цэнзары, якія павінны былі 4 разы ў год аглядаць мясц. кнігарні. Пастановы сіноды, падзеленыя на 29 артыкулаў, былі надрукаваны: «Decreta, Sanctiones Et Universa Acta Synodi DioecesanaAbI1lustrissimo, Excellentissimo, acReverendissimoDominoD. Constantino CasimiroBrzostowski...» (Вільня, 1717). Тут жа былі змешчаны некаторыя пастановы ранейшых сінодаў і пастырскія пасланні віленскіх біскупаў 1682 і 1710, якім Бжастоўскі надаў моц сінадальных статутаў.

Літаратура:

Przyałgowski W. Żywoty biskupów wileńskich. T. 3. Petersburg, 1860;

Kurczewski J. Kościół zamkowy czyli katedra wileńska w jej dziejowym, liturgicznym, architektonicznym i ekonomicznym rozwoju. Wilno, 1908;

Sawicki J. Concilia Poloniae: Źródła i studia krytyczne. T. 2. Synody diecezji wileńskiej i ich statuty. Warszawa, 1948.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.