Артыкулы: Вільня
Вільня (літ. Вільнюс, Vilnius, цяпер сталіца Літоўскай Рэспублікі), сталіца ВКЛ, у сутоках рэк Вілія (Нярыс) і Вільня (Вільна, Віленка, Вілейка). Умацаванае паселішча ў цэнтры В., на Замкавай гары, каля сутокаў Вільні і Віліі (пазнейшы Верхні замак, гл. ў арт. Віленскія замкі) існавала ўжо ў 1-м тыс. да н.э., пасля гара была заселена з пачатку н.э. да 17 ст. Паўн. падножжа Замкавай гары заселена ў 13 ст. Датаванне некат. даследчыкамі рэшткаў мураваных пабудоў на ПдЗ ад гары 13 ст. (у іх бачаць язычніцкае культавае месца і кафедральны касцёл Міндоўга) патрабуе дадатковых аргументаў. У сярэдзіне—2-й пал. 14 ст. вырасла паселішча каля Лысай гары, на У ад Замкавай гары. У 3-й чвэрці 14 ст. падножжа Замкавай гары абведзена мурам (Ніжні замак). На Пд ад яго з 2-й чвэрці 14 ст. рос неўмацаваны пасад з рыначнай плошчай. Упершыню В. ўпамінаецца ў граматах вял. князя Гедзіміна 25.1.1323 да ганзейскіх гарадоў. Тут быў заключаны мірны дагавор 1323 ВКЛ з Лівонскім ордэнам і г. Рыга. Ужо ў гэты час В. мела статус сталіцы ВКЛ (паводле бел.-літ. летапісаў, сталіцу ВКЛ з Трокаў у В. перанёс Гедзімін). В. адыгрывала важную ролю ў барацьбе з крыжакамі, якія ў 1365—1402 8 разоў яе штурмавалі. Пры апісанні нападу 1390 у крыніцах адзначаецца драўляны Крывы замак (горад), спалены крыжакамі. Месцазнаходжанне яго невядома, даследчыкі лакалізавалі гэты замак на Лысай гары (на правым беразе Вільні), на гары Бекеша або на гары Бакшта. Пабач з літоўцамі ў В. здаўна жылі інш. народы. У 1383 упамінаецца «Рускі горад» —частка пасада на У ад пазнейшай вул. Замкавай (Вялікай). Да канца 18 ст. гэты раён вядомы як юрыдыка праваслаўных (уніяцкіх) мітрапалітаў. Пра існаванне ў В. нямецкага і яўрэйскага насельніцтва сведчаць вуліцы Нямецкая і Жыдоўская. У летапісах 15 ст. ўпамінаецца Ляцкі канец, населены, відаць, палякамі.
22.3.1387 В. першая ў ВКЛ атрымала магдэбургскае права, аднак адміністрацыйна працягвала падпарадкоўвацца велікакняжацкаму намесніку. Горад пачаў выкарыстоўваць герб з выявай св. Хрыстафора, які пераходзіць цераз раку, з дзіцём-Ісусам на плячах. Вял. кн. Жыгімонт Кейстутавіч у 1432 пашырыў правы В. на самакіраванне. Гар. статут (ардынацыю) выдаў у 1536 вял. кн. Жыгімонт Стары, у 1551 горад прыняў вількер, дзе больш падрабязна рэгламентавалася гар. права. Перасяленне ў горад залежных людзей рабіла іх вольнымі, таму шляхта дамагалася вяртання з В. збеглых сялян. У 1538 вял. князь забараніў шляхце выводзіць з В. сваіх былых сялян, калі тыя пражылі ў сталіцы 6 гадоў (хутка тэрмін быў павышаны да 10 гадоў). Вышэйшым органам адміністрацыйнай улады В. быў магістрат, які складаўся з лавы і рады. Ён узначальваўся войтам, які прызначаўся манархам пажыццёва (з 1610 — з ліку 4 кандыдатаў, што прапаноўваліся магістратам). Як судовы орган разам з войтам або без яго дзейнічала лава; судовую справу звычайна разглядалі 2 лаўнікі, абраныя на 1 год. Рада складалася з 12 бурмістраў і 24 райцаў, якія пораўну падзяляліся на «лавіцу рускую» і «лавіцу рымскую» (праваслаўных, пазней уніятаў, і католікаў). У цэнтры пасада, на ратушнай плошчы, стаяла ратуша (упершыню ўпамінаецца ў 1432).
Зімой 1386—87 літ. язычніцкае насельніцтва В. было ахрышчана паводле каталіцкага абраду. Паводле загаду Ягайлы быў загашаны вечны агонь на капішчы. Каля Ніжняга замка быў пабудаваны кафедральны касцёл св. Станіслава і св. Уладзіслава (на месцы больш ранняга касцёла). В. стала цэнтрам Віленскай рымска-каталіцкай епархіі. Да пач. 16 ст. пабудаваны касцёлы Унебаўзяцця Дзевы Марыі і св. Ганны (францысканскія), Св. Духа (дамініканскі), св. Бернарда (бернардзінскі), св. Мікалая, св. Яна Хрысціцеля і св. Яна Евангеліста, св. Ганны. З пач. 15 ст. ў В. знаходзілася рэзідэнцыя правасл. мітрапаліта кіеўскага і ўсяе Русі, які меў кафедру ў Прачысценскім саборы. Іншыя старажытнейшыя цэрквы В. — Пятніцкая, Мікалаеўская, Троіцкая. У пач. 16 ст. ў В. было 14 цэркваў і 8 касцёлаў.
У 1401 у В. падпісаны акт Віленска-Радамскай уніі 1401. З 1413 цэнтр Віленскага ваяводства. В. наведаў чэшскі рэфарматар, паплечнік Я.Гуса Еранім Пражскі. У 1430 у В. адбыўся з’езд манархаў, прымеркаваны да запланаванай каранацыі Вітаўта каралеўскай каронай. З 15 ст. ў горадзе склікаліся вальныя соймы ВКЛ. У 2-й пал. 15 ст. створаны першыя рамесныя цэхі (у пач. 16 ст. іх было больш за 20), віленскія купцы атрымалі права свабоднага гандлю ў ВКЛ. У 1492 засн. Віленскі манетны двор. У пач. 16 ст. ў сувязі з небяспекай з боку крымскіх татараў і маскоўскіх войск пасад быў абнесены мурам з вежамі і брамамі (гл. Віленскія гарадскія ўмацаванні), з паўд. боку горада пабудавана Віленская Вострая брама, у якой пазней зберагаўся Вастрабрамскі абраз Маці Божай. Паводле ацэнак даследчыкаў, насельніцтва В. ў 15 ст. складала ад 10 да 20 тыс. чал., у пач. 16 ст. налічвалася каля 30 тыс. жыхароў. У 16 ст. ў горадзе каля 100 2- і 3-павярховых камяніц, зроблены водаправод і каналізацыя, пабудаваны паперня (1524), гасціны двор (да 1536), арсенал (каля 1540), шкляная гута (1547), людвісарня, дзе адліваліся гарматы і званы. З’явіліся палацы Радзівілаў, Хадкевічаў, Сапегаў, Астрожскіх, Кішкаў і інш. магнатаў. У 1536 цераз Вілію перакінуты першы мост. У горадзе быў гандлёвы порт. В. стала буйным еўрапейскім цэнтрам гандлю і культуры. У канцы 15 ст. тут жылі гуманісты Войцех з Брудзева і Э.Цёлак (Вітэлій). У 1520-я г. на Ніжнім замку пабудаваны Віленскі велікакняжацкі палац, дзе зберагалася вял. бібліятэка.У В. адчыніў друкарню Ф.Скарына, які надрукаваў тут «Малую падарожную кніжку» (каля 1522) і «Апостал» (1525). Пасля доўгага перапынку кірылічнае кнігадрукаванне ў В. працягнула Віленская друкарня Зарэцкіх (каля 1571). У 1570-х г. у В. заснаваў друкарню П.Мсціславец. У 1583 пачала дзейнічаць Віленская друкарня Мамонічаў, дзе выдадзены статут Трыбунала ВКЛ (1586), Статут ВКЛ 1588 і інш. З канца 16 дзейнічалі Віленская акадэмічная друкарня і Віленская брацкая друкарня, з пач. 17 ст. — Віленская базыльянская друкарня. У 17—18 ст. у В. працавала каля 20 друкарняў, якія выпускалі кнігі на бел., царк.-слав., польскай, лацінскай, літ., латышскай, яўрэйскай і інш. мовах. У 1595 у В. выйшаў «Катэхізіс» М.Даўкшы — першая кніга на літ. мове, выдадзеная на тэр. ВКЛ. У 1570 езуіты адчынілі калегіум, які ў 1579 пераўтвораны ў Віленскую акадэмію. У 1582 адчынена каталіцкая Віленская духоўная семінарыя для падрыхтоўкі святароў Віленскага біскупства. Акрамя каталіцкіх, у 1-й пал. 17 ст. ў В. дзейнічалі правасл., уніяцкія, лютэранская, кальвінская і яўрэйскія школы. Трупа італьянскага кампазітара М.Скакі паказала ў В. першыя оперныя пастаноўкі (1634).
У 1559 і 1561 у В. заключаны дагаворы пра падпарадкаванне ВКЛ Інфлянтаў. Мяшчанства В. першапачаткова не мела прадстаўніцтва на соймах. Упершыню прадстаўнікі ад сталіцы ВКЛ прыбылі на сойм 1564, які працаваў у Варшаве і дзе разглядаліся пытанні заключэння уніі паміж Польшчай і ВКЛ. Паслы ад В. ўдзельнічалі і ў Бельскім сойме 1564. На Гарадзенскім сойме 1568 вял. кн. Жыгімонт Аўгуст выдаў В. прывілей, згодна з якім сталіца атрымала права пасылаць на сойм 2—3 паслоў з дарадчым голасам у тых справах, якія датычылі горада. Паслы выбіраліся з членаў магістрата, таму ўсе члены магістрата атрымлі шляхецтва з правам перадаваць яго ў спадчыну (з абмежаваннямі). Пасля заключэння Люблінскай уніі 1569 і смерці Жыгімонта Аўгуста (1572) статус В. як сталіцы значна абмежаваны. Сталай рэзідэнцыі манархаў Рэчы Паспалітай тут не існавала. З канца 16 ст. ў В. замест вальных соймаў збіраліся галоўныя з’езды Вялікага княства Літоўскага, а таксама кадэнцыі Трыбунала ВКЛ (нараўне з Трокамі, Менскам і Новагародкам). Пасля заключэння Берасцейскай уніі 1596 цэрквы В. сталі уніяцкімі, праваслаўныя заснавалі Троіцкі манастыр. У 1599 у В. адбыўся супольны з’езд праваслаўных і пратэстантаў, дзе абмяркоўвалася, як супрацьдзейнічаць наступу каталіцтва. Горад значна пацярпеў ад пажараў 1610, 1615, 1630 і 1645. У сярэдзіне 17 ст. ў горадзе, паводле розных ацэнак, ад 14 тыс. да 40 тыс. жыхароў, 23 касцёлы, 9 уніяцкіх і 1 правасл. царква. У 16—1-й пал. 17 ст. ўзведзены мураваныя касцёлы баніфратраў, бенедыкцінак, бернардзінак, езуітаў (св. Ігнація Лаёлы, св. Казіміра), кармелітаў абутых (2 касцёлы), кармелітаў босых (2 касцёлы) і інш. На вул. Жыдоўскай стаяла сінагога (пасля 1633 узведзена мураваная). Кальвінскі збор, закладзены М.Радзівілам Рудым у 1552 або 1553 у прадмесці Лукішкі, праз некалькі год перанесены ў горад на вул. Замкавую, пасля 1581 — бліжэй да Бернардзінскай брамы, а ў 1641 — за гар. мур, на Пн ад Троцкай брамы (разбураны натоўпам, падбухтораным езуітамі, у 1682, пасля адбудаваны). Лютэранскі збор узведзены ў 1555 на вул. Нямецкай. Татарская мячэць з могілкамі знаходзілася на Лукішках. У сярэдзіне 17 ст. ў В. дзейнічалі 26 рамесных цэхаў. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 8.8.1655 В. занята рас. войскамі (горад гарэў 17 дзён). 11.7.1660 войскі ВКЛ на чале з М.К.Пацам вызвалілі сталіцу, аднак рас. гарнізон, што сядзеў у Ніжнім і Верхнім замках, капітуляваў толькі 3.12.1661. За гвалт над мірнымі жыхарамі і рабункі начальнік гарнізона кн. Д.Я.Мышэцкі прысуджаны да смяротнага пакарання як ваенны злачынец. У 1663 у горадзе каля 5 тыс. жыхароў.
У час Паўночнай вайны 1700—21 у 1702, 1706 і 1708 горад заняты шведскімі, а ў 1705, 1706 і 1708 — рас. войскамі. В. моцна пацярпела ад голаду і чумы ў 1709—11. У 1716 у В. створана Віленская канфедэрацыя супраць абсалютысцкіх планаў Аўгуста ІІ. Войны і разруха сярэдзіны 17—пачатку 18 ст. прывялі да заняпаду гар. рамяства і гандлю, аслаблення гар. самакіравання і ўзмацнення прыватнаўладальніцкіх юрыдык. У 2-й пал. 17—18 ст. ўзведзены мураваныя касцёлы аўгусцінцаў, візітак, дамініканцаў, езуітаў, канонікаў латэранскіх, канонікаў рэгулярных, кармелітаў босых, місіянераў, трынітарыяў і інш. Горад значна пацярпеў ад пажараў 1706, 1723, 1737, 1748, 1749 і 1760. 30.1.1734 каля В. адбылася бітва паміж рас. войскамі і прыхільнікамі караля Станіслава Ляшчынскага на чале з А.Пацеем, якія былі разбіты. З ажыўленнем у сярэдзіне 18 ст. гаспадарчага і паліт. жыцця ў В. заснавана Віленская піярская друкарня,пачалі выходзіць газеты «Кур’ер Літэвскі» (1760) і «Газэты Віленьске» (1764), пасля скасавання езуіцкага ордэна ў 1773 заснавана Адукацыйная камісія, якая рэарганізавала сістэму адукацыі. З 1785 дзейнічаў гар. тэатр В.Багуслаўскага.
25.6.1792 у В. абвешчана Генеральная канфедэрацыя ВКЛ у падтрымку Таргавіцкай канфедэрацыі. У 1794 горад стаў адным з гал. цэнтраў паўстання 1794. У ноч на 23.4.1794 паўстанцы на чале з Я.Ясінскім узялі ўладу ў горадзе ў свае рукі. Рас. войскі ў В. былі абяззброены, а афіцэры з ген.-маёрам М.Дз.Арсеньевым арыштаваны. Была створана Найвышэйшая літоўская рада — рэвалюцыйны ўрад ВКЛ, пачала выходзіць «Газэта народова віленьска». 19—20.7.1794 В. беспаспяхова штурмавалі войскі ген.-маёра Б.Ф.Кнорынга. 11.8.1794 В. ўзята рас. войскамі, пасля чаго паўстанне ў ВКЛ было задушана канчаткова. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) горад у складзе Рас. імперыі, цэнтр Літоўска-Віленскай губ. У 1796 было 17,5 тыс. жыхароў.
Літаратура:
BalińskiM. HistoryamiastaWilna. T. 1—2. Wilno, 1836—37;
Kraszewski J.I. Wilno od początków jego do roku 1750. T. 1—4. Wilno, 1840—42;
Васильевский В.Г. Очерк истории города Вильны // Памятники русской старины в западных губерниях империи. Вып. 5—6. СПб., 1872—74;
Крачковский Ю. Старая Вильна до конца XVII столетия. Вильна, 1893;
Добрянский Ф. Старая и новая Вильна. 3 изд. Вильна, 1904;
Виноградов А. Православные святыни г. Вильны. Вильна, 1906;
Яго ж. Путеводитель по городу Вильне и его окрестностям. 2 изд. Вильна, 1908;
Kowalenko W. Geneza udziału stołecznego miasta Wilna w Sejmach Rzeczypospolitej // Ateneum Wileńskie. 1925—26. R. 3. Z. 10—11; 1927. R. 4. Z. 12;
Дружчыц В. Места Вільня ў першай палове XVIсталецьця // 400-лецьце беларускага друку, 1525—1925. Мн., 1926;
Łowmiańska M. Wilno przed najazdem moskiewskim 1655 roku. Wilno, 1929;
Яе ж. Udział communitatis mercatoriae w samorządzie wileńskim // Lituano-Slavica Posnaniensia. Poznań, 2003. Т. 9;
Голубович В., Голубович Е. Кривой город — Вильно // Краткие сообщения Ин-та истории материальной культуры. М., 1945. Вып 11;
Янкявичене А.С. Некоторые сооружения Вильнюса XVI в. // Архитектурное наследство. М., 1964. Вып. 17;
Vilniaus miesto istorija nuo seniausių laikų iki Spalio revoliucijos. Vilnius, 1968;
Kosman M. Konflikty wyznaniowe w Wilnie (schyłek XVI—XVII w.) // Kwartalnik historyczny. 1972. Z. 1;
Яго ж. Cmentarze dawnego Wilna. Toruń, 1994;
Vilniui 650 metų. Vilnius, 1976;
Папшис А. Вильнюс. Вильнюс, 1977;
Топоров В.Н. Vilnius,Wilno,Вильна:город и миф // Балто-славянские этноязыковые контакты. М., 1980;
Ochmański J. Krzywy gród wileński: Próba lokalizacji // Ochmański J. Dawna Litwa. Olsztyn, 1986;
Кяупа З. Гостинный двор в Вильнюсе // Наш радавод. Гродно, 1991. Кн. 3, ч. 3;
Франциск Скорина и Вильнюс. Вильнюс, 1991;
DrėmaV. DingęsVilnius. LostVilnius. Исчезнувший Вильнюс. Vilnius, 1991;
Kaczorowski B. Zabytki starego Wilna. Warszawa, 1991;
Зайкоўскі Э. Беларусы ў старажытнай Вільні // Спадчына. 1993. № 1;
DaugudisV. Iš Vilniausmiestopraeities. Vilnius, 1993;
RachubaA. Wilno pod okupacją moskiewską w latach 1655—1661 // Lithuania. 1994. № 2(11)—3(12);
Adamus J. O herbie miasta Wilna. Łódź, 1996;
Małachowicz E. Wilno: Dzieje. Architektura. Cmentarze. Wrocław, 1996;
Луцкевіч Л. Вандроўкі па Вільні. Вільня, 1998;
Maroszek J. Ulice Wilna w XIV—XVIII wieku // Kwartalnik historii kultury materialnej. 1999. № 1—2;
ČaplinskasA.R. Vilniausgatvės: Istorija, vardynas, žemėlapiai. Vilnius, 2000;
Katalynas K., Vaitkevičius G. Rozwój Wilna w XIV wieku w świetle badań archeologicznych // Kwartalnik historii kultury materialnej. 2002. № 1;
Ragauskas A. Vilniaus miesto valdantysis elitas XVII a. antrojoje pusėje (1662—1702 m.). Vilnius, 2002;
Йонайтис Р., Валёнене О. Средневековая архитектура Вильнюса в контексте культурных влияний // Археология и история Пскова и Псковской земли. Материалы LI научного семинара, посвященного памяти академика В.В.Седова. Псков, 2006.
© Валерый Пазднякоў, 2005, 2014
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


