Артыкулы: Вінрых фон Кніпродэ

Вінрых фон Кніпродэ (?—24.6.1382), вялікі магістр Нямецкага ордэна. Паходзіў з Германіі. Як член ордэна ўпамінаецца з 1334. Комтур гданьскі ў 1338—41, з 1342 комтур Балгі і войт Натангіі, з 1344 вял. маршал ордэна, з 1346 вял. комтур. У 1348 камандаваў войскам ордэна ў пераможнай для яго бітве на Стрэве 1348 з літвінамі. З вер. 1351 вял. магістр ордэна. Падтрымліваў мір з Польшчай, ваяваў супраць ВКЛ і супрацьдзейнічаў росту актыўнасці Даніі ва ўсх. частцы Балтыйскага мора. Добра арганізаваны напад на Жамойць у 1352 сустрэў рашучы адпор. У 1355 пайшоў на саюз з уладарамі ВКЛ і дапамог ім у барацьбе супраць Польшчы за Галіцкую Русь. Аднак ужо ў 1356 вял. князь літоўскі Альгерд пачаў збліжэнне з Польшчай, у 1358 пагадзіўся на хрышчэнне Літвы ад Свяшчэннай Рымскай імперыі, пры гэтым адной з умоў было высяленне Нямецкага ордэна з Прыбалтыкі і падзел яго тэрыторыі. Аднак гэтыя планы не здзейсніліся. У 1360 пачалася новая хваля крыжацкіх нападаў на ВКЛ, якая працягвалася да смерці В.ф.К. У гэтых выправах прымала ўдзел шматлікае еўрапейскае рыцарства. У час гэтай барацьбы Коўна на некаторы час трапіла пад уладу ордэна, а кн. Кейстут быў узяты ў палон. Ордэн падтрымаў Ганзу ў вайне супраць дацкага караля Вальдэмара IV, які пацярпеў паражэнне. У час праўлення В.ф.К. ордэнская дзяржава займала найб. абшар, паспяхова развівалася яе гаспадарка, гандаль (асабліва збожам, якое плацілі як дань ордэны скораныя балцкія народы). Героль Віганд з Марбурга стварыў вершаваную хроніку, дзе праслаўляліся заваёвы ордэна. Лад жыцця рыцараў усё больш набываў свецкі выгляд.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.