Артыкулы: «Вітальдыяна»
«Вітальдыяна» («Vitoldiana: Codex privilegiorum Vitoldi magni ducis Lithuaniae 1386—1430»), зборнік прывілеяў вял. князя літоўскага Вітаўта. Складзены Е.Ахманскім, выдадзены ў Варшаве—Познані ў 1986. Змяшчае прывілеі Вітаўта, дадзеныя Полацкай і Віцебскай землям 1392—99, Жамойці 1413, Барысаўскай, Азярышчанскай і Усвяцкай валасцям, г. Берасце на магдэбургскае права 1408, сваім жонкам на вена, брату Жыгімонту Кейстутавічу на ўладанні, прывілеі касцёлам і цэрквам, князям, панам, баярам, яўрэям. Надрукавана 245 дакументаў на бел. (лац. літарамі), лац., польскай і ням. мовах, з якіх 26 зберагліся ў арыгіналах, 44 — у копіях, 21 — у выглядзе рэгестаў, 166 вядомы паводле ўпамінання ў інш. крыніцах, 19 фальшывыя або выклікаюць сумненне. Пры кожным дакуменце дадзены звесткі пра наяўнасць і месца зберажэння арыгінала і копій, ранейшыя публікацыі, заўвагі пра змест дакумента. Зборнік мае імянны, геаграфічны і прадметны паказальнікі.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


