Артыкулы: Віцебскі езуіцкі калегіум

Віцебскіезуіцкікалегіум. Існаваў у 17—19 ст. у Віцебску. Заснаваў у 1637 ваявода смаленскі А.Гасеўскі, які падараваў езуітам землі ў Смаленскім ваяв. Першапачаткова езуіты адчынілі рэзідэнцыю пры парафіяльным касцёле. З 1648 працавала школа, дзе вучылі граматыцы, паэтыцы, рыторыцы. У 1649 на левым беразе р. Віцьба на тэр. Ніжняга замка езуіты пабудавалі драўляны касцёл св. Юзафа. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 рэзідэнцыя не дзейнічала, яе зямельныя ўладанні канфіскаваны, касцёл перароблены на царкву св. Аляксея. Рэзідэнцыя адноўлена ў 1668, калегіум адчыніўся ў 1682. Былі ўведзены курсы філасофіі і маральнай тэалогіі. Мураваныя будынкі калегіума ўзведзены ў 1691—1714 і 1737—55. Яны значна пацярпелі ад пажараў у 1757 і 1762, адноўлены і пашыраны ў 1762—1801. П-падобны ў плане 2-павярховы комплекс меў паўпадвальны паверх, калідорную планіроўку. Над гал. уваходам узвышалася высокая 3-ярусная вежа, на 1-м ярусе быў гадзіннік (у 19 ст. ўстаноўлены высокі шпіль, пасля вежа разабрана). З 1673 існавала музычная бурса, дзейнічаў школьны тэатр, аптэка. Касцёл згарэў у 1708, у 1709 пабудаваны новы, у 1716 закладзены мураваны (гал. фундатар — кашталян віцебскі М.М.Агінскі), які кансекраваны ў 1731. У 1762 ён згарэў, да 1765 адбудаваны. Касцёл быў 3-нефавай 6-слупавай крыжова-купальнай базілікай з шырокім трансептам. Над сяродкрыжжам узвышаўся высокі 8-гранны барабан з купалам з «заломам», які завяршаўся ліхтаром. Цэнтральны неф завяршаўся паўкруглай апсідай на ўсю вышыню касцёла, да яе з 2 бакоў далучаліся больш нізкія сакрыстыі. На гал. фасадзе стаялі 2 двух’ярусныя вежы з фігурнымі купаламі. Цэнтральная частка фасада завяршалася фігурным шчытом. Шырокі карнізны пояс падзяляў фасад на 2 ярусы, расчлянёныя пілястрамі. У 1799 праз вуліцу насупраць касцёла збудавана новае памяшканне школы. Калегіум зачынены ў 1820. У 1822—39 комплекс належаў базыльянам, з 1843 — праваслаўным (касцёл стаў Мікалаеўскім саборам). У выніку перабудоў 19 ст. храм страціў многія барочныя рысы. Комплекс разбураны ў 1957.

Літаратура:

Квитницкая Е.Д. Белорусские коллегиумы XVIII в. // Архитектурное наследство. М., 1972. Вып. 19;

Дадзіёмава В. З гісторыі музычнай бурсы пры Віцебскім езуіцкім калегіуме // Віцебскі сшытак. 1995. № 1;

Boberski W. Architektura kościoła i kolegium jezuitów w Witebsku // Roczniki humanistyczne Katolickiego Uniwersytetu Lubelskiego. Lublin, 2002. T. 50. Z. 4.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.