Артыкулы: Воўчынскі Троіцкі касцёл

Воўчынскі Троіцкі касцёл. Пабудаваны ў мяст. Воўчын па ініцыятыве С.Панятоўскага ў 1729—33, асвячоны ў 1743. Мяркуемы аўтар праекта — Карл Фрыдрых Пёпельман, кіраваў будаўніцтвам Стафан Няцкоўскі. Прататыпам паслужыла Фраўэнкірхе ў Дрэздэне. Касцёл — 8-гранны ў плане храм зальнага тыпу, накрыты шатровым дахам, у цэнтры якога ажурная вежачка з гадзіннікам. Унутры у зрэзаных кутах зроблены авальныя памяшканні з вінтавымі лесвіцамі. Прэсбітэрый размяшчаўся ў паўн. частцы касцёла, справа ад яго была сакрысція, з якой можна было падняцца на 2-і паверх і выйсці на амбон. У зах. баку касцёла размяшчаўся скарбец, адтуль лесвіца вяла на 2-і паверх і выходзіла ў калятарскую ложу. 3-я лесвіца вяла на хоры. Лесвіцы вялі і на 3-і паверх, адкуль можна было аглядаць увесь касцёл. Унутры былі пастаўлены 3 алтары: галоўны і 2 бакавыя. Куты касцёла дэкарыраваны трайнымі пілястрамі карынфскага ордэра. Інтэр’еры багата ўпрыгожаны лепкай у тэхніцы стука, фрыз мае акантава-стужачныя матывы, над вял. вокнамі размешчаны галоўкі анёлаў у аблоках, па баках фестоны. На пілястрах 2-га яруса размешчаны галоўкі анёлаў на скрыжаваных крылах, над авальнымі вокнамі — вял. картушы, па баках якіх падвешаны хусты. На бакавых фасадах высока ад зямлі прарэзаны вял. вокны з паўцыркульным завяршэннем; над імі размешчаны авальныя вокны. На вуглавых фасадах зроблена па 3 акны ў слупок адпаведна паверхам касцёла, 2 ніжнія маюць паўцыркульнае завяршэнне, верхняе акно авальнае. Над вокнамі ў тэхніцы стука зроблены хусты, па баках некаторых — фестоны. На шчытах бакавых фасадаў стаяць скульптуры 4 евангелістаў (першапачаткова былі драўляныя вазоны). Уваход у касцёл з паўд. боку. Касцёл быў агароджаны мурам з брамай, каля гал. алтара стаяла авальная 3-ярусная званіца. Касцёл, размешчаны на адной восі з Воўчынскім палацам, падобны на паркавы павільён і не мае аналагаў у Рэчы Паспалітай. У 1938 у касцёле быў перапахаваны прах караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Літаратура:

GuttmejerK. Kościoł świętej Trójcy w Wołczynie: Próba określenia inspiracji architektonicznej i autorstwa // Sztuka ziem wschodnich Rzeczypospolitej XVI—XVIII w. Lublin, 2000;

Мілінкевіч А. Воўчынская гісторыя. Гродна, 2004.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.