Артыкулы: Вязгайла (Вязгайлавіч, Вяжгайла) Мікалай
Вязгайла (Вязгайлавіч, Вяжгайла) Мікалай (?—19.1.1533), дзеяч каталіцкай царквы, дзяржаўны дзеяч. Паходзіў з літоўскага шляхецкага роду герба «Адравонж». Яго бацька Мішка быў намеснікам віленскага ваяводы М.Радзівіла. В. атрымаў дабрую адукацыю, магчыма, за мяжой. Прыняў духоўны сан, быў плябанам у Берасці (1511), у 1511 па ініцыятыве вял. князя абраны віленскім канонікам, у 1519 стаў плябанам у Эйшышках і дэканам віленскім (апошнюю пасаду займаў да смерці), у 1521 — протанатарыем апостальскім, вікарыем і генеральным афіцыялам у Віленскай дыяцэзіі, у 1522 — плябанам у Вязыні, у 1524 — плябанам у Рамігале, у 1525 — прэпазітам троцкім, біскупам кіеўскім. Заставаўся, аднак, у Вільні. З 1510 служыў пры велікакняжацкім двары, у 1523—29 лацінскі сакратар велікакняжацкай канцылярыі. Некалькі разоў быў паслом вял. князя да Рады ВКЛ, у т.л. на Берасцейскі сойм 1525. У 1528 стаў біскупам кіеўскім, аднак заставаўся ў Вільні. У 1530 прызначаны вял. князем біскупам жамойцкім, што зацвердзіў рымскі папа ў 1531. Значнаму кар’ернаму росту В. быў абавязаны сваім здольнасцям, вернай службе манарху, магчыма, падтрымцы вял. княгіні літоўскай і каралевы польскай Боны. Удзельнічаў у пастаўленні Жыгімонта ІІ Аўгуста на трон ВКЛ (1529). У 1531 быў паслом Рады ВКЛ у Польшчу, калі было адмоўлена ў дапамозе з боку ВКЛ у вайне з Малдовай. У 1532 уваходзіў у склад камісіі па размежаванні ВКЛ і Прусіі. Магчыма, удзельнічаў у выпрацоўцы Статута ВКЛ 1529.
Літаратура:
Błaszczyk G. Diecezja żmudzka od XV do początku XVII w.: Ustrój. Poznań, 1993;
Груша А.І. Канцылярыя Вялікага княства Літоўскага 40-х гадоў XV—першай паловы XVIст. Мн., 2006.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


