Артыкулы: Вянгерскі (Węgierski) Андрэй
Вянгерскі (Węgierski)Андрэй (1600, г. Астрарог, Вял. Польшча—11.1.1649), дзеяч кальвінісцкай царквы Рэчы Паспалітай, гісторык, паэт. Вучыўся ў школе чэшскіх братоў у Лешне, у 1621—23 — у Торуні, пасля ва ун-це ў Лейдэне (Нідэрланды). Выконваў абавязкі міністра ў Лешне, у 1629—33 рэктар мясцовай школы чэшскіх братоў. Ваявода белзскі Рафал Ляшчынскі (гл. ў арт. Ляшчынскія) запрасіў В. на свой двор ва Уладаву ў Берасцейскім ваяв., дзе В. узначальваў збор і школу. У 1644 сіньёр кальвінісцкага Люблінскага дыстрыкта. З пачаткам паўстання на Украіне пад кіраўніцтвам Б.Хмяльніцкага (1648) выехаў у Вял. Польшчу. Гал. праца Л., выдадзеная пад псеўданімам Адрыанус Рэгенвольсціюс (Adrianus Regеnvolscius), — «Гістарычна-храналагічная сістэма цэркваў славян розных правінцый» («Systema historico-chronologicum ecclesiarum Slavonicarum per provincias varias» (Утрэхт, 1652; 2 выд. Амстэрдам, 1679) — першы грунтоўны нарыс на шырокім еўрапейскім фоне гісторыі пратэстанцтва ў розных славянскіх краінах і землях, у т.л. ў ВКЛ. Выдаў малітоўнік і спеўнік (Гданьск, 1646), тэалагічныя працы «Disputatio theologica de conciliis ecclеsiasticis» (Лейдэн, 1628), «Generalis confessio doctrinae ecclesiarum reformatаrum» (1645). Аўтар шматлікіх акалічнасных вершаў і казанняў. Пераклаў на польскую мову творы педагога Яна Амаса Каменскага.
Творы:
Andreae Wengerscii Libri quattuor Slavoniae reformatae. Varsoviae, 1973.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


