Артыкулы: Галіцкая праваслаўная мітраполія
Галіцкая праваслаўная мітраполія, адм.-тэр. адзінка праваслаўнай царквы. Створана прыкладна ў 1303—04 канстанцінопальскім патрыярхам Афанасіем І і візантыйскім імператарам Андронікам ІІ Палеалогам Старэйшым па ініцыятыве галіцка-валынскага князя Юрыя Львовіча. Была ў спісах 81-й (або 82-й) мітраполіяй. Кафедра мітрапалітаў знаходзілася ў Галіцкім Успенскім саборы. Мітраполія ахоплівала Галіцкую, Луцкую, Перамышльскую, Тураўскую, Уладзімірскую і Холмскую епархіі. Была зачынена да 1326, калі яе епархіі падпарадкоўваліся ўжо мітрапаліту кіеўскаму і ўсяе Русі Пятру. Адноўлена паміж 1341—47 па ініцыятыве кн. Любарта. У 1347 канстанцінопальскі патрыярх Ісідор І і візантыйскі імператар Іаан VI Кантакузін далучылі Г.п.м. да Кіеўскай праваслаўнай мітраполіі. Па ініцыятыве польскага караля Казіміра ІІІ Г.п.м. адноўлена ў 1371 у складзе Галіцкай, Перамышльскай, Тураўскай, Уладзімірскай і Холмскай епархій (Тураўская хутка выведзена з яе складу). У канцы 1390-х г. мітрапаліт кіеўскі Кіпрыян дамогся фактычнага скасавання Г.п.м. і распаўсюдзіў сваю ўладу на яе епархіі. Тытул галіцкіх мітрапалітаў перайшоў да мітрапалітаў кіеўскіх і ўсяе Русі. Фармальна мітраполію (ужо як уніяцкую) скасаваў рымскі папа ў 1458.
Мітрапаліты галіцкія: Ніфант (1303—да 1305), Пётр (?—1308, пасля мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі), Гаўрыіл (?—?), Феадор (?—1347), Антоній (1371—каля 1391).
Літаратура:
Павлов А.С. О начале Галицкой и Литовской митрополий и о первых тамошних митрополитах по византийским документальным источникам XIV века // Русское обозрение. 1894. № 5;
Тихомиров Н.Д. Галицкая митрополия: Церковно-историческое исследование. СПб., 1895;
Скочиляс І. Галицька митрополія XIV—першої половини XV століть: особливості еклезіального, правового та суспільного статусу // Княжа доба: історія і культура. Вип. 4. Львів, 2011.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


