Артыкулы: Галоўка (Галоўскі) Казімір Алойзы
Галоўка (Галоўскі) Казімір Алойзы (3.3.1718, Пінскі пав.—пасля 1787), географ, педагог. Магістр філасофіі і вольных мастацтваў. З шляхецкай сям’і. З 1731 езуіт. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах у Новагародку, Гародні, Вільні. З 1743 святар. Выкладаў граматыку, паэзію, рыторыку, філасофію, тэалогію маральную, геаграфію, гісторыю, матэматыку ў езуіцкіх навучальных установах у Вільні (1746/47, 1749—52), Варшаве (1747—49, 1752/53). У 1753—55 у Вільні выхавацель сыноў рэферэндара ВКЛ А.Т.Пшаздзецкага. У 1756/57 выкладаў геаграфію ў Новагародку, адначасова місіянер у Любчы, у 1757/58 выкладаў тэалогію маральную ў Вільні. З 1760 выкладаў у Пінску. Пасля скасавання ордэна езуітаў (1773) звесткі пра Г. адсутнічаюць. Аўтар падручніка па геаграфіі «Compendiumgeographiaeinversiculosdispositae» (Вільня, 1743), нарыса па геаграфіі Рэчы Паспалітай на лац. мове (каля 1748, не збярогся) і на польскай мове (перавыдаваўся 5 разоў з 1757 у дадатку да практычнай энцыклапедыі Я.К.Гаўра «Агульная эканоміка землеўласніка»), геаграфічных табліц і карт, у т.л. ВКЛ («ChartaegeographicaeGalliae, Germaniae, MajorisPoloniaeetM. Duc. Lithuaniae», 1750, не збераглася). З 1747 на працягу 8 гадоў выдаваў на польскай мове «Гістарычныя календары», якія мелі асветніцкі характар. Аўтар кн. «Еўропа ў соймах» («Europaseymuiąca», Варшава, 1753) пра парламентарызм Рэчы Паспалітай і інш. еўрапейскіх краін.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


