Артыкулы: Ганна Радзівіл (1476—14/15.3.1522), княгіня мазавецкая

Ганна Радзівіл (1476—14/15.3.1522), княгіня мазавецкая, жонка мазавецкага князя Конрада ІІІ Рудога . Дачка Мікалая Радзівіла (Радзівілавіча), ваяводы віленскага і канцлера ВКЛ, і Соф’і Манівідаўны. Шлюб з Конрадам ІІІ заключаны паміж 6.10.1496 і 2.4.1497. Г. унесла пасаг у памеры 20 тыс. дукатаў. Перад гэтым у яго былі 2 бяздзетных шлюба з мяшчанкамі. Г. нарадзіла яму 2 дачок і сыноў Станіслава І і Януша ІІІ. Пасля раптоўнай смерці мужа ў 1503 Г. стала апякункай дзяцей, рэгентам княства. Дамаглася ад караля Аляксандра, каб вымарачныя мазавецкія Варшаўская, Цехановецкая, Ломжынская і Навагродская землі былі перададзены яе сынам, а не Кароне Польскай (заплаціла за гэта 30 тыс. дукатаў). Выношвала планы пра свой шлюб з каралевічам Жыгімонтам Аўгустам, пазней хацела выдаць за яго сваю дачку Соф’ю, аднак гэта не атрымалася. Паспяхова бараніла незалежны статус Мазавецкага княства, імкнулася ўключыць у яго склад, як было раней, Дарагічын і Мельнік, заснаваць біскупства ў Варшаве. Вылучалася ўладалюствам, варагавала з мазавецкай шляхтай. У 1516 шляхта запатрабавала, каб Г. перадала ўладу старэйшаму сыну Станіславу. Перадача адбылася ў 1518, але Г. захавала ўплыў на палітыку. Падрыхтавала шлюб сваёй дачкі Соф’і з трансільванскім кн. Стафанам Баторыем (бацькам караля польскага і вял. князя літоўскага Стафана Баторыя). Пахавана ў кляштары бернардзінаў у Варшаве.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.