Артыкулы: Ганна Іванаўна (?—да 28.9.1484), вялікая княгіня літоўская

Ганна Іванаўна (?—да 28.9.1484), вялікая княгіня літоўская, жонка вялікага князя Свідрыгайлы. Дачка цвярскога князя Івана Іванавіча, стрыечная сястра вял. князя цвярскога Барыса Александравіча. Шлюб быў заключаны ў Цвяры ў 1431, калі Свідрыгайла ўжо заняў велікакняжацкі трон. Мэтай шлюбу было замацаванне ўжо старога Свідрыгайлы на троне, магчымае заснаванне сваёй дынастыі, забеспячэнне сабе вонкавай падтрымкі. Паводле польскага гісторыка 15 ст. Я.Длугаша, пад уплывам жонкі Свідрыгайла спрыяў праваслаўным, а Жыгімонт абвінавачваў Свідрыгайлу, што той пад уплывам жонкі адступіў ад каталіцтва. Г.А. не перайшла ў каталіцтва і заставалася ў шлюбе праваслаўнай (хоць рымскі папа Яўген IV у лісце ад 20.10.1434 называў жонку Свідрыгайлы Соф’яй, гэта можа паказваць на змену веравызнання, або гэта памылка), што выкарыстаў у барацьбе супраць Свідыгайлы яго праціўнік Жыгімонт Кейстутавіч. Калі апошні ў 1432 захапіў велікакняжацкі трон, Г.І. трапіла ў палон. Пасля была вызвалена, у канцы 1432 нарадзіла Свідрыгайлу сына, які, відаць, хутка памёр. Потым зноў трапіла ў палон да Жыгімонта. Дапамогу Свідрыгайлу ў барацьбе супраць яго аказала і Цвярское княства. У 1433 Свідрыгайла і яго прыхільнікі дамагаліся вызвалення Г.І. з дапамогай Базельскага сабору, што ім удалося ў 1434. З 1437 жыла пры мужу ў Луцку. Пасля яго смерці (1452) атрымала ад вял. князя літоўскага і караля польскага Казіміра Ягелончыка Здзітаў, Гарадок (Давыд-Гарадок), Дварцы. На думку О.Галецкага, Г.І. магла атрымаць Гарадзецкі павет і вакольнымі маёнткамі ад Казіміра яшчэ пры жыцці мужа, каля 1447. Мела некаторыя маёнткі і ў Луцкім пав. Апошні раз яна ўпамінаецца пад 1471. Пасля смерці Г.І. Казімір Ягелончык перадаў Давыд-Гарадок кн. І.В.Яраславічу.

Літаратура:

Wolff J. Ród Gedimina.Kraków, 1886;

Грушевский А.С. Пинское Полесье: Ист. очерки. Киев, 1903;

Halecki O. Ostatnie lata Świdrygiełły i sprawa wołyńska za Kazimierza Jagiellończyka. Kraków, 1915;

Клюг Э. Княжество Тверское (1247—1485 гг.): Пер. с нем. Тверь, 1994;

Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. Wrocław, 1999.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.