Артыкулы: Гарадзенскі кляштар бернардзінцаў

Гарадзенскі кляштар бернардзінцаў. Заснаваў вял. князь Аляксандр у 1495, але кляштар не быў пабудаваны. У 1586 фундацыю Аляксандра пацвердзіў кароль Стафан Баторый. У 1595 бернардзінцам ахвяравала пляц княгіня Г.Друцкая-Саколінская (тэрыторыя былых каралеўскіх стайняў), у 1596 суседні пляц падараваў Я.М.Тарасовіч. Паміж 1595 і 1600 пабудаваны мураваны гатычны касцёл – 1-нефавы, прамавугольны ў плане храм з выцягнутым у даўжыню прэсбітэрыем і 3-граннай апсідай. Кожная бакавая сцяна мела па 6 стральчатых акон, прэсбітэрый – 4, апсіда – 3. Пасярод даху знаходзілася вежачка з фігурным купалам. У 1605—17 касцёл грунтоўна перабудаваны. Да прэсбітэрыя прыбудавана новая 3-нефавая барочная базіліка з 6 калонамі ўнутры. З правага боку да фасада прыбудавана званіца. Касцёл меў выразныя рысы люблінскай школы дойлідства. Да 1609 пабудавана ўсх. частка кляштарнага комплексу, якая тарцом прымыкае да прэсбітэрыя касцёла. Магутныя контрфорсы і тымпан з аркатурным поясам над уваходным рызалітам сведчаць, што кляштар таксама муравалі люблінскія майстры. У гэты час зроблены і калідор, што ідзе ўздоўж паўд. сцяны касцёла і вядзе ў званіцу. У 1618 віленскі біскуп А.Валовіч асвяціў касцёл у гонар Адшукання св. Крыжа. Храм упрыгожаны фрэскамі, сярод якіх гербы яго фундатараў (імі былі Жыгімонт ІІІ, Л.Сапега, Г.Валовіч, А.Война, Е.Масальскі і інш.). З 1660-х г. вядома Ларэтанская капліца, якая была прыбудавана да паўн. сцяны касцёла. У 1682 з зах. боку прыбудавана 5-е прасла з капліцамі св. Барбары і Казіміра, да якога з Пд прылягала званіца. Капліца Барбары была ўпрыгожана скульптурай у тэхніцы стука. Новы фасад меў завяршэнне ў выглядзе трохвугольнага франтона, быў упрыгожаны пілястрамі, скульптурамі св. Алены, Антонія і Бярнарда ў нішах. У гэты час узведзены паўд. і зах. карпусы кляштара, якія разам з усх. корпусам і касцёлам утваралі замкнёны дзядзінец. У 1682 у кляштары было 30 манахаў. Пасля пажару 1753 перабудавана званіца, якая набыла 2 новыя верхнія ярусы з калонамі і высокімі аконнымі праёмамі. Пасля пажару 1782 значна адноўлены інтэр’еры. У 1788 пастаўлены комплекс з 12 алтароў, капліца св. Барбары пераабсталявана ў Ларэтанскую, а капліца св. Казіміра – у капліцу св. Барбары. Касцёл размаляваны новымі фрэскамі (мастак – базыльянін А.Грушэцкі). Паміж 1780 і 1790 да фасада прыбудаваны невял. чатырохвугольны бабінец. Касцёл дзейнічае. У 1853 кляштар зачынены, з 1990 тут працуе Вышэйшая духоўная семінарыя.

Літаратура:

Кулагін А. Дыханне пластыкі неастылае: Скульптурны ансамбль бернардзінскага касцёла ў Гродне // Мастацтва Беларусі. 1988. № 5;

Габрусь Т. Касцёлы, фундаваныя каралямі // Наша вера. 1999. № 1;

KutyD.J. EtapybudowypobernardyńskiegokościoławGrodnie // SztukaziemwschodnichRzeczypospolitejXVI—XVIIIw. Lublin, 2000.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.