Артыкулы: Гедэон Балабан

Гедэон Балабан[свецкае Рыгор Маркавіч; 1530—10(20).2.1607], дзеяч праваслаўнай царквы. Паходзіў з шляхецкага роду, сын львоўскага епіскапа Арсенія (Марка Балабана), якому, будучы свецкім чалавекам, дапамагаў у кіраванні епархіяй. З 1566 намінальны, з 1576 фактычны епіскап львоўскі і камянецкі. У 1550-х г. знаходзіўся ў стане вострага канфлікту з Львоўскім Успенскім брацтвам па маёмасных пытаннях і кананічнай юрысдыкцыі епіскапа. Мітрапаліт Міхаіл Рагоза, Берасцейскі сабор 1590 і патрыярх прынялі бок брацтва. Г. звярнуўся за падтрымкай да караля, пасля чаго мітрапаліт абвясціў пра пазбаўленне Г. сану і епархіі. Каб аднавіць сваі пазіцыі, Г. пачаў удзельнічаць у падрыхтоўцы уніі правасл. царквы Рэчы Паспалітай з каталіцкай царквой. У студз. 1595 склікаў епархіяльны сабор і абвясціў на ім, што па прыкладу вышэйшага духавенства прызнае ўладу рымскага папы. Мітрапаліт вярнуў яму сан і епархію. Пасля гэтага Г. адышоў ад справы уніі. На Берасцейскім саборы 1596 выступіў рашуча супраць уніі, пасля чаго прыхільнікамі уніі зноў пазбаўлены сану. У сваю чаргу, канстанцінопальскі патрыярх Мялецій прадпісаў абраць новага мітрапаліта замест уніята Міхаіла Рагозы, а да гэтага прызначыў Г. сваім экзархам у Рэчы Паспалітай. За процідзеянне справе уніі прыгавораны ўладамі да выгнання, але на сойме 1603 гэтае рашэнне адменена. Падтрымліваў на Украіне кнігадрукаванне, дапамог Львоўскаму брацтву аднавіць былую друкарню І.Фёдарава (1586), адчыніў друкарні ў Крыласе каля Галіча (каля 1605) і Страціне (каля 1602), дзе працаваў Памва Бярында. Адчыніў у Крыласе і Страціне школы.

Літаратура:

Петров Н. Львовский епископ Гедеон Балабан и его деятельность в пользу православия и русской народности в Галиции и юго-западном крае России // Памятники русской старины в западных губерниях. СПб., 1885. Т. 8;

Гильтебрандт П.А. Гедеон Балабан и его три книги // Русская историческая библиотека. СПб., 1900. Т. 19;

Рева Л.Г. Балабан Гедеон // Українська біографістика. Київ, 1999. Вип. 2;

Лукашова С.С. Конфликт львовского епископа Гедеона Балабана и Успенского братства // Славянский альманах, 1999 г. М., 2000.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.