Артыкулы: «Акты археаграфічнай экспедыцыі»
«Акты археаграфічнай экспедыцыі» («Акты, собранные в библиотеках и архивах Российской империи Археографическою экспедициею Императорской Академии Наук», ААЭ), серыйнае выданне дакументаў па гісторыі Расіі і суседніх краін. Выдадзена Археаграфічнай экспедыцыяй (камісіяй) у 4 тамах у Санкт-Пецярбургу ў 1836—38. Том 1 ахоплівае 1294—1598, том 2 — 1598—1613, том 3 — 1613—45, том 4 — 1645—1700. Сярод апублікаваных дакументаў дагаворныя граматы вялікіх і ўдзельных князёў 14—15 ст., даравальныя граматы духоўным і свецкім феадалам, устаўныя, тарханныя, губныя, мытныя, судныя граматы, дыпламатычныя дакументы і інш. Апублікаваны дагаворы Полацка з Рыгай і Гоцкім берагам 13 ст., перапіска вял. княгіні літоўскай Алены Іванаўны са сваім бацькам, вял. князем маскоўскім Іванам ІІІ і сваякамі (т. 1), дакументы аб вайне Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18 (т. 2), аб вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 (т. 3), аб вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, дзейнасці Сімяона Полацкага (т. 4). Выдадзены імянны, геаграфічны і прадметны паказальнікі (СПб., 1838).
Літаратура:
Павлов-Сильванский Н.П. Погрешности актов Археографической экспедиции // Летопись занятий Императорской Археографической комиссии за 1904 год. СПб., 1907. Вып. 17.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


